ПАРЕ прызнала Лукашэнку датычным да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расею
- 27.04.2023, 19:27
Дыктатара таксама абвінавацілі ў генацыдзе.
Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прыняла рэзалюцыю, у якой асуджаецца прымусовая дэпартацыя ўкраінцаў у Расею. Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале паведаміў сябра сталай дэлегацыі Вярхоўнай рады ў ПАРЕ Аляксей Ганчарэнка.
У рэзалюцыі адзначаецца, што, згодна з міжнародным правам, прымусовая дэпартацыя — гэта прыкмета генацыду, таму ўсе выпадкі павінны быць расследаваныя, а ўсе, хто мае дачыненне, павінны несці адказнасць.
Са слоў Ганчарэнкі, у афіцыйным дакуменце такога ўзроўню ўпершыню згадваецца тэрмін «генацыд» у дачыненні да дзеянняў Расеі.
Таксама нардэп паведаміў, што ПАРЕ прыняла яго папраўку, тым самым прызнаўшы Аляксандра Лукашэнку датычным да генацыду ўкраінцаў.
«Мая праўка да рэзалюцыі ў ПАРЕ аб прызнанні Аляксандра Лукашэнкі датычным да прымусовай дэпартацыі дзяцей і дарослых з акупаваных тэрыторый Украіны прынятая. Гэта аўтаматычна робіць Лукашэнку вінаватым у генацыдзе», - адзначыў Ганчарэнка.