Што цяпер адбываецца на мяжы Беларусі і ЕЗ
- 27.04.2023, 17:22
Цяпер «Берасце-Тэрэспаль» - самы папулярны пераход у беларусаў.
Наперадзе вялікія травеньскія выхадныя. Як цяпер ідуць справы на мяжы і які дзень лепш за ўсё выбіраць для перасячэння, пра гэта і не толькі MOST пагаварыў з прадстаўніком праекта GranicaBYPL, дзе адсочваюць сітуацыю на мяжы Беларусі і ЕЗ.
Беларуска-літоўская мяжа
У Беларусі з 21 да 25 красавіка прайшлі вялікія выходныя. На межах быў вялізны ажыятаж на выезд з краіны 20 і 21 красавіка, праходжанне займала больш за 14 гадзін. Па-ранейшаму самая напружаная сітуацыя на выезд з Беларусі праз «Прывалку-Райгардас» (найбліжэйшы пункт пропуску да Гародні), таму калі ў вас ёсць магчымасць, то варта выбіраць іншы пункт пропуску для выезду. Калі яшчэ летам 2022 года на «Прывалцы-Райгардасе» за гадзіну праязджала 12-13 аўто, то ў красавіку 2023 года - 7-8 аўтамабіляў на гадзіну.
Калі вы плануеце праезд па жывой чарзе, то за гадзіну праязджае 3-5 аўтамабіляў, таму праходжанне займае блізу 15-20 гадзін. Найбольш напружаная сітуацыя для выезду ў нядзелю, 23 красавіка праходжанне займала больш за дзень.
Агулам за дзень праязджае 187 аўтамабіляў, прапускная здольнасць 250 аўто.
Варта ўзяць пад увагу, у «Прывалках» няма зоны чакання, то на гэтай мяжы ў прыярытэтным парадку праходзяць мяжу:
- бацькі з дзецьмі да 3-х гадоў на днях праходжанне заняло 4 гадзіны;
інваліды;
- раварысты (па тры раварысты запускаюць на мяжу, астатнія чакаюць на нейтральнай паласе ўезду);
- і па пропуску ДПК (дзейнічае толькі на межах, дзе няма зоны чакання: «Прывалка», «Лоша», «Відзы»).
Напружаная сітуацыя ў пункце пропуску «Мядзінінкай» (з беларускага боку - «Каменны Лог»). Прыблізна за дзень праязджаюць 210 аўто пры прапускной здольнасцю 600. Да 31 траўня будуць праходзіць рамонтныя дарогі на Медзінінкай.
Беларуска-польская мяжа
Пасля закрыцця пунктаў пропуску ў «Кузніцы» і «Баброўніках» пераадолець беларуска-польскую мяжу можна толькі ў двух пунктах пропуску: «Казловічы-Кукурыкі» для грузавога транспарту і «Тэрэспаль-Берасце» для легкавога. Абодва пагранпераходы знаходзяцца каля Берасця. «Берасце-Тэрэспаль» — па-ранейшаму самая папулярная мяжа ў беларусаў. Агулам за дзень праязджае праз межы 568 аўтамабіляў. Прыблізна за гадзіну 19 аўтамабіляў. Мінімальны час праходжання 5 гадзін, максімальны больш за дзень.
Травеньскі міні адпачынак у Беларусі
За няпоўныя чатыры месяцы ў 2023 годзе ў Беларусь па бязвізу прыехала 12 080 грамадзян Польшчы і 90 120 грамадзян Літвы (паводле звестак Памежкамітэта Беларусі). Гэта прыблізна амаль 100 грамадзянаў Польшчы і 750 грамадзянаў Літвы кожны дзень прыязджае ў Беларусь. Нагадаем, што грамадзяне Польшчы могуць уязджаць па бязвізу ў Беларусь на ўсіх межах з ЕЗ.
Улічваючы, што ў апошнія месяцы польскі злоты ўмацоўваецца да еўра і даляра, а беларускі рубель працягвае слабець да валюты, то для многіх іншаземцаў і беларусаў, якія працуюць за мяжой, гэты факт можа адыграць важную ролю, каб правесці травеньскі міні адпачынак у Беларусі.
Наперадзе травеньскія святы і на межах чакаюцца чэргі на ўезд у Беларусь у найбліжэйшыя дні. Напружаная сітуацыя будзе ў пятніцу і суботу (28 і 29 красавіка). У зваротным кірунку большасць будзе выязджаць з Беларусі 3 траўня. 4-5 траўня зноў чакаецца, што на выезд з Беларусі будуць чэргі, а на ўезд у Беларусь большасць будзе вяртацца 8-9 траўня.
Для ўезду ў Беларусь рэкамендуем прыязджаць на межы раніцай і тады зможаце хутка прайсці кантроль. Для выезду з Беларусі лепш за ўсё маніторыць сітуацыю ў чаце і справаздачы карыстальнікаў па праходжанні і на падставе гэтай інфармацыі выбіраць мяжу для выезду.