«Народная Грамада»: Рэжым Лукашэнкі трэба спыніць цяпер
- 27.04.2023, 16:30
Сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі крытычная.
У Страсбургу праходзіць вясновая сесія Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. Прадстаўнікоў беларускай апазіцыі запрасілі ўзяць удзел у слуханнях наконт Беларусі, абмежаваных Камітэтам у палітычных пытаннях і дэмакратыі ПАРЕ.
Намеснік старшыні партыі «Народная Грамада» Яўген Вільскі перадаў сайту Charter97.org тэкст свайго выступу на мерапрыемстве.
- Рэпрэсіі закранулі і сяброў нашай партыі. За кратамі цяпер знаходзіцца старшыня «Народнай Грамады» Мікалай Статкевіч, генеральны сакратар Сяргей Спарыш і многія іншыя.
Многія вымушана пакінулі краіну. Усе інфармацыйныя рэсурсы партыі прызнаныя «экстрэмісцкімі», за падпіску на наш сайт і сацыяльныя сеткі, нават за падабайкі і каментары, людзям у Беларусі пагражае крымінальны пераслед.
Лідар партыі Мікалай Статкевіч быў арыштаваны за два месяцы да выбараў, 31 траўня 2020 года, з таго часу амаль тры гады знаходзіцца за кратамі.
2,5 месяца мы ўвогуле не маем ніякай інфармацыі пра яго. Адвакату было адмоўлена ў сустрэчы з Мікалаем пад надуманай падставай. За гэты час ад нашага лідара не атрымана ніводнай вестачкі. Паводле некаторых звестак, увесь гэты час ён знаходзіцца ў ШІЗА.
Такая ж сітуацыя з лютага-сакавіка склалася вакол яшчэ некалькіх палітвязняў - публічных палітыкаў і лідараў пратэсту. Выглядае, што гэта новая тактыка рэжыму да сваіх паслядоўных апанентаў — Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля, Максіма Знака, Віктара Бабарыкі, Ігара Лосіка.
Праблема пагаршаецца беспрэцэдэнтным ціскам на адвакатаў, мэтай якога з'яўляецца пазбавіць магчымасці выконваць свае прафесійныя абавязкі. За апошнія два гады амаль 750 адвакатаў з 2000 не атэставаныя, пазбаўленыя ліцэнзій, арыштаваныя і асуджаныя «за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», а таксама пад пагрозамі «добраахвотна» адмовіліся ад ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці. Толькі на мінулым тыдні пазбаўленыя ліцэнзіі яшчэ пяць адвакатаў. Астатнія пад рознымі падставамі адмаўляюцца ўкладаць дамову праз боязь пераследу ўладаў.
На родных палітвязняў чыніцца ціск з мэтай прымусіць іх замаўчаць, не даваць інфармацыю пра блізкіх. імаверна, з гэтым звязанае тое, што сваякі большасці палітыкаў, якія зазнаюць цяпер такі ж ціск, як і лідар нашай партыі, маўчаць.
Адсутнасць у краіне незалежных СМІ, абвяшчэнне ўсіх, хто працуе з-за мяжы, «экстрэмісцкімі арганізацыямі», немагчымасць для тых, хто застаўся ў Беларусі даваць інтэрв'ю пад пагрозай крымінальнага пераследу, робіць сітуацыю з палітвязнямі крытычнай.
Людзі баяцца казаць, нават апынуўшыся за мяжой, у бяспецы. Відавочна, што гэта тлумачыцца ўзмацненнем ціску на іх родных, якія застаюцца ў Беларусі, пагрозамі завочных судоў, пазбаўлення грамадзянства і канфіскацыі маёмасці.
Адсутнасць інфармацыі і, адпаведна, рэакцыі на сітуацыю з палітвязнямі, якая пагаршаецца, робіць яе не проста драматычнай, але і крытычнай і развязвае рукі рэжыму для яшчэ большага ўзмацнення рэпрэсій. Калі іх не спыніць цяпер, заўтра можа быць занадта позна.
Дэнансацыя факультатыўнага пратакола да Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах пазбавіла грамадзян Беларусі апошняй міжнароднай абароны.
Мы вымушаныя звяртацца да міжнароднай супольнасці, да лідараў дэмакратычных краін з просьбай выкарыстаць уплыў і рэсурс ЕЗ, дэмакратычных краін, каб запатрабаваць спынення рэпрэсій і неадкладнага вызвалення беларускіх палітвязняў. У якасці першачарговага кроку можа быць вызваленне людзей, чыйму жыццю пагражае небяспека (з гуманітарных прычын: цяжка хворыя, жанчыны, непаўналетнія)
Павінны патрапіць пад персанальныя санкцыі ўсе начальнікі калоній і іх намеснікі, якія ціснуць на палітвязняў, следчыя і суддзі, якія выносяць жахлівыя і абсурдныя прысуды.
Недапушчальна гандляваць жыццямі людзей. Недапушчальна прапаноўваць рэжыму грошы ці саступкі за вызваленне асобных альбо часткі палітвязняў. Наш досвед сведчыць - гэта непазбежна прывядзе да з'яўлення новых зняволеных і ўзмацнення рэпрэсій у Беларусі.