BE RU EN

На выездзе з Баранавічаў зафіксавалі буйную калону УС Беларусі

  • 27.04.2023, 14:49

У складзе калоны было тры баявыя машыны ПТРК «Конкурс».

Сёння раніцай на выездзе з горада Баранавічы ў кірунку да Ляхавічаў/трасы М1 была заўважана буйная калона Узброеных сіл Беларусі. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн».

У складзе калоны: 2 БТР-80К (камандзірскі), 20 БТР-82А (частка была ў зімовым камуфляжы), 3 баявыя машыны ПТРК «Конкурс» 9П148, 1 БРДМ-2, браняваная медыцынская машына БММ-80 «Сімфонія», брон -эвакуацыйная машына БРЭМ-К, УАЗ-Патрыёт, 4 КамАЗ-4310 (тэнт), 2 Урал-4320 (борт, перавозілі драўляныя шчыты для абсталявання палявога лагера), 2 Урала (кунг), аўтацягнік-бензавоз КрАЗ і аўтобус МАЗ. Калону суправаджала не менш як пяць экіпажаў ВАІ Беларусі.

Пазней гэтая ж калона была заўважана на трасе М1 (паміж Стоўбцамі і Койданавам). Мяркуючы са складу ваеннай тэхнікі, калона можа належаць 339-му асобнаму механізаванаму батальёну 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады УС Беларусі.

Адзначаецца, што гэтая ж калона была заўважана ў раёне Баранавічаў 9 красавіка. А 5 красавіка МА РБ паведамляла, што адзін з механізаваных батальёнаў 120-ай АМБр. удзельнічае ў «праверцы баявой гатоўнасці».

Такім чынам, калона хутчэй за ўсё належыць 339-му механізаванаму батальёну 120-й АМБр. Падраздзяленне можа вяртацца ў пункт пастаяннай дыслакацыі пасля ўдзелу ў «праверцы баявой гатоўнасці».

Апошнія навіны