Нейрасець пачала сачыць за віцебскімі газавікамі
- 27.04.2023, 14:02
Будуць аналізавацца выявы з камеры.
«Для павышэння бяспекі працы» ў Віцебскай вобласці пачалі выкарыстоўваць штучны інтэлект. Нейрасетка будзе сачыць «за правільнасцю нашэння» спецадзення працаўнікамі газавай службы, паведамілі ў Мінэнерга.
Праект запусцілі ва УП «Віцебскаблгаз». Нейрасетка аналізуе выяву з камеры, вызначае наяўнасць і правільнасць нашэння спецадзення, касак, спецабутку.
«Калі працаўнік не надзеў адзін з элементаў экіпіроўкі, сістэма падасць сігнал. У выпадку, калі сродкі індывідуальнай абароны надзетыя няправільна, яна таксама спрацуе. Сярэдні час праверкі пры гэтым складае да 15 секунд, а дакладнасць - да 99%», - распавялі ў Мінэнэрга.
Там мяркуюць, што шырокае выкарыстанне сістэмы забяспечыць эфектыўны кантроль за выкананнем правіл аховы працы і тэхнікі бяспекі на вытворчасці. Акрамя таго, знізіць траўматызм.