Як будуць выдавацца страхавыя полісы на аўтамабілі для выезду за мяжу з 1 чэрвеня?
- 27.04.2023, 11:41
"Зялёнай картцы" неўзабаве канец.
З чэрвеня беларусы страцяць магчымасць браць "Зялёную картку" для выезду на аўтамабілі ў ЕЗ. Перасоўвацца па Еўропе на сваім самаходзе можна будзе толькі пасля атрымання поліса ў замежных страхавых кампаніях, піша nashaniva.com. Як і за якую цану давядзецца страхаваць аўтамабілі для выезду за мяжу?
Тэрмін дзеяння абавязанняў аб узаемным прызнанні "Зялёнай карткі" скончыцца 1 чэрвеня.
З гэтага часу застрахаваць аўтамабіль і іншыя транспартныя сродкі для выправы па Еўропе можна будзе толькі ў замежных страхавых кампаніях. Гэта можа быць як спецыяльны поліс прымежнага страхавання, так і звычайнага ўзору, калі кампанія гатовая застрахаваць аўтамабіль, зарэгістраваны ў іншай краіне.
Ці стануць полісы даражэйшыя?
"Зялёная картка" ў Беларусі прадавалася цаной ад 30 да 425 еўраў. Самая танная каштуе 30 еўраў і мае тэрмін дзеяння 15 дзён. Месячны поліс на легкавік каштуе 50 еўраў. Застрахаваць аўтамабіль на большы тэрмін ужо немагчыма. Для даведкі, "Зялёная картка" на тры месяцы прадавалася за 145 еўраў, на паўгода за 230, а на год за 425 еўраў.
Цяпер беларусам давядзецца страхаваць транспарт наўпрост у Польшчы, Літве або Латвіі.
У Літве цана поліса для легкавікоў, зарэгістраваных у Беларусі, выглядае наступным чынам: 15 дзён - 21 еўра, месяц - 36 еўраў, тры месяцы - 108 еўраў.
У Польшчы застрахаваць беларускі аўтамабіль можна за цану ад 37 еўраў за трыццаць дзён. Поліс на тры месяцы каштавацьме 97 еўраў, на паўгода - 165, гадавы поліс каштуе 225 еўраў.
Як бачым, у фінансавым плане беларускія аўтааматары нічога не трацяць. Дзеля розніцы ў цэнах шмат якія аўтамабілісты, якія працяглы час ездзілі на аўтамабілі з беларускай рэгістрацыяй за межамі Беларусі, і даўней страхавалі свае аўто ў ЕЗ. Адзіны мінус, з якім яны маглі сутыкнуцца, хаваўся ў тым, што пасля прыезду на радзіму ім усё адно даводзілася купляць поліс у Беларусі.
Рэч у тым, што ў нас на заканадаўчым узроўні было прапісана, што зарэгістраваны ў краіне аўтамабіль пры выездзе за мяжу павінен мець "Зялёную картку", выдадзеную ў беларускай страхавой кампаніі.
Пасля 1 чэрвеня беларускія памежнікі больш не змогуць гэтага патрабаваць.
Тым не менш, пакуль не ясна, з якімі цяжкасцямі могуць сутыкнуцца беларускія аўтамабілісты пасля даты Х. Калі страхавыя кампаніі суседніх краін ЕЗ арганізуюць выдачу полісаў каля кантрольных пунктаў на мяжы з Беларуссю, то скасаванне пагаднення не прынясе дадатковага клопату.
Пэўныя страхавыя кампаніі ў Польшчы і Літве дазваляюць набыць страхоўку дыстанцыйна. Галоўнае - развязаць пытанне з аплатай.
А вось хто безумоўна страчвае ад скасавання пагаднення паміж Беларуссю і 32 краінамі Еўропы - дык гэта беларускія страхавыя кампаніі. "Зялёныя карткі" складалі 21,8% у суме страхавых унёскаў у абавязковым страхаванні цывільнай адказнасці.
З 1 чэрвеня ў беларускіх страхавых кампаній застаецца магчымасць выдаваць "Зялёныя карткі", які будуць дзейнічаць на тэрыторыі Расеі і пэўных іншых краін. Агулам у пагадненні аб "Зялёнай картцы" ўдзельнічае 48 краін, 32 з іх афіцыйна абвясцілі аб скасаванні двустаронняга пагаднення з РБ і РФ, пачынаючы з 1 чэрвеня 2023 года. Украіна скасавала пагадненне аб узаемным прызнанні гэтых страхавых сэртыфікатаў, выдадзеных беларускімі і расейскімі страхавымі кампаніямі, яшчэ 5 красавіка 2022 года.
*Пададзеныя ў артыкуле цэны страхавых полісаў для аўтамабіляў з замежнай рэгістрацыяй у Польшчы і Літве могуць адрознівацца ў залежнасці ад канкрэтнай кампаніі.