Якія сюрпрызы чакаюць беларусаў у траўні
- 27.04.2023, 8:24
Галоўныя змены, якія адаб'юцца на партманетах і не толькі.
У апошнім вясновым месяцы беларусаў чакаюць хрушчы, красаванне бэзу і, мабыць, масавы выезд на шашлыкі. А яшчэ - адлучэнне гарачай вады, зніжэнне стаўкі рэфінансавання, павелічэнне пенсій і дапамог. Што новае з'явіцца ў нашым жыцці ў наступным месяцы?
Нас чакаюць чатыры непрацоўныя дні запар
Калі Вы не адпачывалі ў красавіку, Вы маеце магчымасць зрабіць гэта ў траўні. Работнікі з класічным пяцідзённым працоўным тыднем будуць дадаткова адпачываць у панядзелак, 1-га дня, а таксама чатыры дні запар - з 6-га да 9-га. Пры гэтым субота, 13 траўня, будзе працоўнай.
Наступныя вакацыі - ужо ў ліпені, будзем адпачываць тры дні запар.
Знізіцца стаўка рэфінансавання
З 2 траўня стаўка рэфінансавання будзе зніжана на 0,5 пункта і складзе 10% гадавых.
Стаўка зменшылася, бо запавольваюцца інфляцыйныя працэсы: у сакавіку знізіўся прырост спажывецкіх цэн - да 6% супраць 11,7 у папярэднім месяцы, таксама запаволілася трэндавая інфляцыя.
Сёлета стаўку ўжо зніжалі тры разы: у студзені (з 12 да 11,5%), а потым у сакавіку (з 11,5 да 11%) і красавіку (з 11 да 10,5%).
Павысяцца пенсіі ды дзіцячыя дапамогі
З траўня павялічыцца бюджэт пражытковага мінімуму (як менавіта - гэтай інфармацыі няма пакуль), і яго рост пацягне за сабой пенсіі ды дзіцячыя дапамогі.
Ужо вядома, што з 1 траўня вырастуць пенсіі на старасць, за выслугу гадоў, за інваліднасць, у выпадку страты карміцеля - яны стануць большымі ў сярэднім на 5%. "Памер павелічэння пенсіі ў кожнага пенсіянера будзе свой у залежнасці ад працягласці стажу і сумы заробку, улічаных пры вылічэнні яму пенсіі, а таксама ад устаноўленых даплат да асноўнай пенсіі", - паведамлялі ў Мінпрацы.
У сёлетнім студзені міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч сказала ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1», што, калі выйдзе, пенсіі сёлета падвысяць тройчы.
Пачнецца сэзон адлучэння гарачай вады
Ужо вядома, што ў Менску гарачую ваду пачнуць адлучаць з 16 траўня. "Мінскія цеплавыя сеткі" і "Мінсккамунцепласетка" апублікавалі расклад (шукайце свой менскі адрас тут).
Ваду адлучаюць для прафілактычных работ, каб падрыхтаваць трубы да восені і зімы. Як надоўга давядзецца застацца без выгод? Напрыклад, "Мінскія цеплавыя сеткі" тлумачаць: калі выпрабаванні пойдуць паводле плану, а ў трубах не будзе асаблівых дэфектаў, працягласць адлучэння не перавысіць 13 дзён.
Пачне дзейнічаць зніжка на праезд у электравіках для пенсіянераў
З траўня да канца кастрычніка пенсіянеры змогуць ездзіць на электравіках ільготным тарыфам. Як нагадвае прэсавая служба Беларускай чыгункі, пры набыцці білета трэба падаць арыгінал пенсійнага пасведчання. Акрамя таго, пасведчанне трэба мець пры сабе пры праездзе ў цягніку.
Ільгота не прадугледжваецца пры праездзе ў цягніках рэгіянальных ліній бізнэс-класа і міжрэгіянальных ліній з нумараванымі месцамі. Таксама збаўкі не варта чакаць пры праездзе ў цягніках гарадскіх ліній.
Самалёты "Белавіі" пачнуць лётаць у Мурманск
Першы дырэктыўны рэйс з Менска ў Мурманск авіякампанія выканае 23 траўня. Вылеты плануюцца ў аўторкі, працягласць рэйса складзе менш за тры гадзіны. Кошт выправы - € 134 у адзін бок і € 224 у абодва.
На думку генеральнага дырэктара "Белавіі" Ігара Чаргінца, гэты маршрут стане запатрабаваным у прадстаўнікоў бізнэсу, бо Мурманск - гэта буйны прамысловы горад з добра развітай рыбаперапрацоўкай, металаапрацоўкай ды іншымі галінамі.
Канец навучання для школьнікаў
Заняткі для школьнікаў скончацца ўжо 31 траўня. Вынятак - вучні дзявятага і адзінаццатага (дванаццатага) класаў - для іх навука закончыцца крыху раней, 25-га дня. Урачысты апошні званок для выпускнікоў пройдзе 25 траўня.
Дарэчы, сёлета скарочаныя тэрміны рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэставанне. Дырэктар РІКВ Юрый Місюк паведаміў у інтэрвію для БЕЛТА, што калі даўней рэгістрацыя на ЦТ праходзіла з 2 траўня да 1 чэрвеня, то сёлета яна пачнецца 10 траўня: "Гэтых тэрмінаў дастаткова".
Што яшчэ будзе ў траўні
Надыходзіць тэрмін аплаты падаходнага падатку для фізічных асоб.
Да 22-га дня трэба заплаціць ¼ частку зямельнага падатку, нагадваюць у МПЗ.
Паліклінікі ды іншыя ўстановы аховы здароўя будуць працаваць паводле змененага раскладу праз святы - драбніцы тут.
БЧ на святы выпускае дадатковыя цягнікі - тут інфармацыя пра гэта.
Дзе-нідзе працягвае дзеянне забарона на лоўлю рыбы, таму, калі Вы плануеце рыбаліць, цісніце сюды.