СМІ аб уцёках з Італіі сына расейскага губернатара: Гэта вар'яцкая гісторыя
- 24.03.2023, 12:45
Арцём Ус, напэўна, пакінуў краіну на прыватным самалёце.
Сын губернатара Краснаярскага краю Арцём Ус, затрыманы ў Італіі паводле міжнароднага ордэру, уцёк з-пад хатняга арышту. Вядуцца ягоныя пошукі, паведаміла ў чацвер італьянскае агенцтва ANSA.
Затрыманы самавольна зняў электронны бранзалет кантролю месцазнаходжання ў міланскай здымнай кватэры. Даўней суд прыняў станоўчую пастанову ў пытанні аб экстрадыцыі Уса ў ЗША. Яму пагражала да 30 гадоў турмы.
Выданне Corriere della Sera піша, што Ус, напэўна, пакінуў Італію. Следчыя вывучаюць звесткі камер назірання ў жылым комплексе, дзе жыў Ус, а таксама запісы з вуліцы. Не выключаецца, што ён паляцеў на прыватным самалёце з аэрапорта Лінатэ.
Аглядальнік Financial Times Макс Сэдан называе ўцёкі сына краснаярскага губернатара Арцёма Уса «спрэс вар'яцкай гісторыяй ад пачатку да канца».