BE RU EN

Банкаўскі рахунак Святланы Алексіевіч заблакавалі

  • 22.03.2023, 11:14

Стала вядома, на якіх падставах.

Улады Нямеччыны заблакавалі банкаўскі рахунак нобэлеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Пасля таго як у 2020 годзе да яе дома ў Менску прыйшлі сілавікі, пісьменніца пераехала ў Бэрлін. Цяпер у яе скончыўся дазвол на жыхарства, выдадзены тады нямецкімі ўладамі. І на гэтай падставе быў заблакаваны рахунак.

«Блакаванне рахунку Святланы Алексіевіч — не выключны выпадак, а вельмі шараговая сітуацыя, такое здараецца з вялікай колькасцю беларусаў, якія з нейкіх прычын не паспяваюць своечасова падоўжыць пасведчанне на права жыхарства, — каментуе «Еўрарадыё» сітуацыю кіраўніца Беларускага ПЭН Таццяна Нядбай. - У банку Святлане сказалі, што гэта абмежаванні, якія тычацца беларусаў і расейцаў - у сувязі з вайной. Праблема не ў тым, што такое не павінна здарацца з нобэлеўскім лаўрэатам - падыход павінен быць роўны да ўсіх, - такога не павінна здарацца ні з кім. Патрэбна змена падыходу для тых, хто вымушаны быў выехаць з Беларусі праз пераслед, але працягвае працу на карысць дэмакратыі».

Новы ДНЖ Алексіевіч атрымае ў пачатку красавіка 2023-га. У сутычцы са знакамітай нямецкай бюракратыяй - бюракратыя перамагла.

Святлане Алексіевіч 74 гады. Яна з'яўляецца вядомай беларускай пісьменніцай. У 2015-м Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры «за шматгалосую творчасць — помнік пакутам і мужнасці ў наш час». Яна крытычна выказвалася і працягвае выказвацца пра цяперашні рэжым у РБ. У 2020 годзе Алексіевіч увайшла ў каардынацыйную раду, якая выступае за мірную перадачу ўлады ў краіне. Алексіевіч - адзіная ўдзельніца рады, якая не была арыштаваная, адзначае часопіс. Увосень 2020 года яна з'ехала з Беларусі ў Нямеччыну.

Апошнія навіны