«Эдуард Лобаў - сапраўдны ваяр святла»
- 11.02.2023, 19:38
У Варшаве развіталіся з добраахвотнікам, які загінуў за свабоду Украіны і Беларусі.
У варшаўскім касцёле Святога Аляксандра сёння адбылася цырымонія развітання з беларускім добраахвотнікам Эдуардам Лобавым. Будынак храма ў цэнтры польскай сталіцы не здолеў змясціць усіх ахвотных развітацца з беларусам, які загінуў у баях пад украінскім Вуглядарам. Многія, нягледзячы на халоднае надвор'е ў Варшаве, стаялі на дварэ.
Літургію ў памяць аб беларускім добраахвотніку вёў ксёндз Вячаслаў Барок. Святар выступіў з моцнай пропаведдзю аб важнасці барацьбы за свабоду.
«Ёсць тое, што нас аб'ядноўвае - мы ўсе любім жыццё. Мы ўсе ведаем, што жыць трэба ў праўдзе і ў справядлівасці. Мы глыбока перакананыя, што нашае зямное жыццё мае значэнне толькі, калі ў ім ёсць свабода і менавіта для захавання свабоды часам варта ахвяраваць сваім жыццём.
Менавіта так і зрабіў Эдуард Лобаў у барацьбе за свабодную Беларусь, за незалежную Украіну. Ён добраахвотна апынуўся на лініі агню, стаў паміж агрэсарам і ахвярай.
Восем гадоў ён быў на светлым баку, ваяром святла. Эдуард змагаўся за беларускіх палітвязняў, за свабодную Беларусь і Украіну», - сказаў у сваёй гаміліі ксёндз.
Пасля літургіі прайшла цырымонія развітання з Эдуардам Лобавым. Яе вяла галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна. Беларуская журналістка коратка пераказала жыццёвы шлях беларускага добраахвотніка:
- Эдуард быў сапраўдным волатам і героем Беларусі. Ён прысвяціў усё сваё свядомае жыццё барацьбе. Яму было ўсяго 22 гады, калі ён выйшаў у 2010 годзе на акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Быў арыштаваны і атрымаў чатыры гады турмы. Пасля вызвалення ў 2014-м годзе ён адразу з'ехаў ва Украіну, бо разумеў, што трэба змагацца з расейскай акупацыяй, бо ведаў, што гэта ж пагражае і Беларусі. Эдуард ваяваў ва Украіне восем гадоў, меў узнагароды, у тым ліку - за абарону Кіева. Гераічна загінуў у баі пад Вуглядарам.
Нехта кажа, гэта не наша вайна. Не. Гэта наша вайна. Найлепшыя беларусы, сапраўдныя патрыёты едуць сёння ваяваць ва Украіну, бо спадзяюцца, што гэта таксама дапаможа вызваліць нашу Беларусь ад дыктатуры і акупацыі. Ведаеце, цяжкія часы - заўсёды выпрабаванне для чалавека. Нехта будзе скардзіцца на жыццё і казаць, што немагчыма нічога змяніць. Такія людзі, як Эдуард Лобаў, будуць змагацца, будуць дзейнічаць, рызыкуючы сваім жыццём. І вялікае шчасце, што такія людзі ёсць у Беларусі, бо гэта дае надзею нам усім, што нацыя будзе жыць, што ў нас ёсць будучыня.
Затым выступіла маці Эдуарда Лобава Марына. Многія прысутныя не маглі стрымаць слёзы падчас яе кранальнай прамовы:
- Дарагі мой сынок, табе выпаў кароткі жыццёвы шлях. Але твая мара стаць прафесійным вайскоўцам спраўдзілася. Ты марыў абараняць сям'ю ад ворагаў. І, на жаль, загінуў са зброяй у руках. Мы ганарымся табой, ты герой, вечная табе слава, сынок. Хачу падзякаваць усім, хто дапамог нашай сям'і. Я, на жаль, не магу пералічыць усіх вас, бо гэта б заняло шмат часу. Асабліва хачу падзякаваць паслу Польшчы ў Беларусі.
Ён дамогся дазволу пахаваць нашага сына ў Польшчы, у Варшаве. Я хацела б часцей бываць у майго сына на магілцы. Хачу пажадаць Украіне хутчэй здабыць незалежнасць, бо мой сын заўсёды марыў бачыць Беларусь і Украіну незалежнымі. Спі спакойна сынок. Ты назаўсёды застанешся ў нашым сэрцы, у нашых думках. Спі спакойна.
Пасол Украіны ў Польшчы Валерый Зварыч звярнуўся да сям'і Эдуарда Лобава і падзякаваў за тое, што яны выхавалі сына-героя:
- Гэта вялікая страта не толькі для вашай сям'і, гэта вялікая страта для нашай вялікай агульнай сям'і ўкраінцаў, беларусаў, палякаў і ўсёй цывілізаванай Еўропы. Ваш сын памёр як герой, але героі не паміраюць. Ва Украіне добра ведаюць, што героі не паміраюць, яны натхняюць нас змагацца далей і перамагаць.
Дзякуй вам, што выхавалі сапраўднага героя. Ён быў патрыётам Беларусі, сапраўдным чалавекам свабоды. Ён ніколі не быў рабом. Ва Украіне кажуць: «Рабоў у рай не пускаюць». Але Эдуард нават у беларускай турме быў вольным чалавекам.
Паверце, што прыклад Эдуарда, прыклад ягоных пабрацімаў-беларусаў, якія сёння плячом да пляча з намі абараняюць волю і свабоду Украіны, не будзе дарэмным. Мы пераможам. Гэта будзе перамога вольнага беларускага народа, перамога ўкраінскага народа, перамога польскага народа і ўсёй цывілізаванай Еўропы».
Амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі адзначыў, што Эдуард Лобаў - агульны герой для ўсяго нашага рэгіёну:
- Жыццёвы шлях Эдуарда паказвае, як моцна ён хацеў свабоды. Свабоды не для сябе, а свабоды для свайго народа, для ўсіх сваіх землякоў. Ён так любіў свабоду, што пайшоў змагацца і абараняць Украіну. Коштам уласнага жыцця ён паказаў нам усім, што мэта гэтай вайны - абараніць нас усіх і забяспечыць свабоду ў Беларусі. Імя Эдуарда ўвойдзе ў гісторыю выдатных беларусаў, у гісторыю нашай рэгіянальнай супольнасці, значэнне якой мы адкрываем па-новаму, якая на працягу стагоддзяў змагалася і працягвае змагацца з расейскім імперыялізмам. Эдуард уступае ў шэрагі герояў, нашых агульных герояў, герояў нашых агульных паўстанняў, герояў цяперашняй страшнай вайны, развязанай Расеяй, герояў нашай агульнай справы, герояў свабоды.
Я глыбока веру, што ахвяра жыцця Эдуарда, як і ўсіх загінулых братоў і сясцёр украінцаў, беларусаў і іншых, прынясе перамогу. Украіна пераможа, а Беларусь, твая любімая радзіма, Эдуард, будзе свабоднай. З табой развітваецца свабодная Беларусь, з табой развітваецца Украіна і з табой развітваецца Польшча. За нашу і вашую свабоду. Жыве Беларусь! Слава Украіне!
Намеснік камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук расказаў, якія подзвіг здзяйсняюць байцы, якія абараняюць Вуглядар:
— Гэта брыгада Эдуарда, яго пабрацімы, якія зараз там стаяць. У палях дзясяткі спаленай тэхнікі рашыстаў, якія сунуліся на Вуглядар. Гэта ідэйныя нашчадкі тых, хто арганізаваў ва Украіне галадамор, гэта ідэйныя нашчадкі тых, хто мільёнамі вывозіў людзей у Сібір, гэта тыя, хто вывозіў людзей у Курапаты і ў Быкаўню пад Кіевам. І зараз хлопцы, пабрацімы Эўдарда, стаяць паміж так званым расейскім светам і свабоднай Украінай.
Блізкі сябар загінулага добраахвотніка, маладафронтавец Андрусь Цянюта пазнаёміўся з Эдуардам у беларускім войску. Яны разам служылі ў віцебскім дэсанце:
- Першы час на марш-кідках мне было цяжка бегаць ва ўсёй амуніцыі. Эдзік бачыў гэта і хаваў маё экіпіроўку ў аўто, а потым аддаваў пасля марш-кідка. Эдзік быў шчырым патрыётам. Узгадваецца выпадак, калі пасля «выбараў» мяне адправілі на гаўпвахту. Эдзік быў нязгодны з гэтым і развесіў улёткі з інфармацыяй аб беззаконні па ўсёй вайсковай частцы. Ён ведаў, што за такі ўчынак паедзе на гаўптвахту следам за мной, але не мог заплюшчыць вочы на несправядлівасць.
Выступіў таксама лідар «Вольнай Беларусi» Зянон Пазняк. У сваёй прамове палітык адзначыў, што Расея на працягу двухсот гадоў вядзе генацыд беларускага народа, а галоўнай адметнай рысай гэтай палітыкі з'яўляецца хлусня:
- Заўсёды былі беларусы, якія бачылі праўду, былі справядлівымі і змагаліся за праўду. Менавіта да такіх людзей належаў Эдуард Лобаў. Ён казаў праўду тады, калі яна была забароненая. Яго пераследавалі, ён сядзеў у турме. Перад тым, як загінуць, ён даводзіў гэтую праўду са зброяй у руках.
Таксама Зянон Пазняк звярнуў увагу на тое, што Лукашэнка пусціў у краіну расейскіх вайскоўцаў, якія акупавалі Беларусь, а затым напалі на Украіну:
- Людзі ўбачылі сапраўднае аблічча звера. Людзі ўбачылі, што расейскі свет - гэта фашызм. Людзі ўбачылі бандытаў, якія прыкрываюць свае злачынствы хлуснёй. Людзі справядлівасці і праўды, беларусы, паехалі ва Украіну абараняць незалежнасць са зброяй у руках. Такім быў Эдуард Лобаў.
Лідар «Вольнай Беларусi» распавёў пра паездку ў Бахмут, дзе сустрэўся з байцамі палка Каліноўскага:
- Іх шмат, сотні. Я бачыў іх вочы, чуў іх размовы, іх патрыятызм. Гэта будучыня нашай свабоды, нашай Беларусі. Яны змагаюцца за незалежную Беларусь і Украіну, ахвяруючы сваім жыццём. Яны разумеюць, што гісторыя дае шанец украінцам, беларусам, палякам, усёй Еўропе, каб расправіцца з гэтым ардынскім Мардорам, які стаў прычынай дзвюх сусветных войнаў і хоча развязаць трэцюю. Але такія людзі, як Эдуард, як полк Каліноўскага, як украінскія ваяры, не дазволяць гэта зрабіць. Мардор будзе разбіты.
Потым Наталля Радзіна зачытала спіс беларусаў, якія загінулі за свабоду Украіны - іх ужо блізу трыццаці. Беларускі вольны хор выканаў нацыянальныя гімны «Магутны Божа» і «Пагоня». Калі труну з беларускім добраахвотнікам выносілі з касцёла, многія прысутныя сталі на калені.
Пахаваюць Эдуарда Лобава на наступным тыдні на варшаўскіх могілках Павонзкі. Дата і час стануць вядомы бліжэй да цырымоніі развітання.
Даведка
Беларускі добраахвотнік Эдуард Лобаў загінуў 26 лютага, абараняючы Вуглядар. Ён служыў у 72-й асобнай механізаванай брыгадзе, удзельнічаў у вызваленні Кіеўскай вобласці і Чарнобыля ад расейскіх акупантаў.
Эдуард Лобаў - былы палітвязень. Ён быў затрыманы 18 снежня 2010 года разам з лідарам «Маладога фронту» Змітром Дашкевічам, а затым незаконна асуджаны на чатыры гады калоніі строгага рэжыму. Эдуард цалкам адбыў свой тэрмін у калоніі «Ваўчыныя норы».
Эдуард Лобаў ваяваў ва Украіне з 2015-га года.
У 2014 годзе сайт Charter97.org абвясціў яго лаўрэатам Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча.