За апошнія некалькі дзён у Беларусі змяніліся шэсць кіраўнікоў РАУС
- 5.12.2023, 21:34
Западозрылі ў нядобранадзейнасці?
Новых кіраўнікоў мясцовай міліцыі прадэманстравалі ў пяці раёнах Беларусі 4-5 снежня. Яшчэ адзін кіраўнік РАУС быў прадстаўлены калектыву напрыканцы лістапада. Пра прычыны кадравых перастановак не паведамлялася, піша «Люстэрка».
На Берасцейшчыне міліцэйскія кіраўнікі змяніліся ў Баранавіцкім, Жабінкаўскім і Іванаўскім раёнах. У Гомельскай вобласці прызначылі новага кіраўніка РАУС у Касцюковічах, на Віцебшчыне – у Шуміліне, а ў Гарадзенскай вобласці – у Воранаве.
У паведамленні пра новых кіраўнікоў РАУС у Жабінкаўскім і Іванаўскім раёнах гаворыцца, што яны прызначаныя загадам кіраўніка МУС ад 30 лістапада 2023 года. Іванаўская газета ўдакладняе назву дакумента – гэта «загад міністра ўнутраных справаў № 498 датычна асабовага складу ад 30 лістапада гэтага года».
У Шуміліна перавялі ўжо былога кіраўніка Талачынскага РАУС. У Жабінцы, Баранавічах і Калінкавічах новыя кіраўнікі былі намеснікамі кіраўнікоў мясцовых аддзелаў. У Воранава прыехаў былы намеснік кіраўніка з Навагрудка. А ў Іванаве прызначылі чалавека з УУС – ён быў намеснікам кіраўніка абласнога наркакантролю.
Прычыны такіх кадравых пераменаў не называліся.