ВВС: У Беларусі прызналі экстрэмісцкім канал «Дупа з вусамі»
- 2.12.2023, 14:51
Там публікуюцца мультфільмы, якія высмейваюць уладу.
Беларускае МУС прызнала сатырычны YouTube-канал «Дупа з вусамі» экстрэмісцкім фармаваннем, паведамляе ВВС.
На канал падпісаныя амаль 20 тысяч карыстальнікаў, там публікуюцца мультфільмы, якія высмейваюць беларускую ўладу.
«Прывітанне, гэта Дупа з вусамі. Вам можа падацца, што гэта канал пра Лукашэнку, навіны Беларусі, палітыку і Пуціна, але гэта абсалютна не так. Усе супадзенні выпадковыя, а персанажы - выдуманыя», - гаворыцца ў апісанні канала.
«Група грамадзян, аб'яднаных пад імёнамі «Дупа з вусамі», ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць праз шэраг аднайменных сеткавых рэсурсаў», - гаворыцца ў тлумачэнні міністэрства.
Акрамя YouTube-канала экстрэмісцкімі прызнаныя рэсурсы праекта ў Telegram, TikTok і Х (былы «Твітэр»), а таксама лагатып «у выглядзе карыкатурнай выявы ягадзіц з вусамі на зялёным фоне з упісаным надпісам «дупа з вусамі».