Расея засталася без яек
- 13.12.2023, 16:44
Праз дэфіцыт базавага прадукту харчавання на дапамогу РФ прыйдзе краіна NATO.
Харчовы суверэнітэт, якім так ганарыліся расейскія ўлады, пад пагрозай: ліквідаваць дэфіцыт яек і спыніць рост коштаў базавага прадукту спажывецкага кошыка ў Расеі самастойна не змаглі. На дапамогу прыйдзе краіна NATO – Турцыя, магчымыя і пастаўкі з суседняга Азербайджана, піша Telegram-канал «Можам растлумачыць».
Для гэтага ўрад РФ распарадзіўся прыбраць увозныя мыты на тавар. Прапанове гэта дапаможа, але таннасці наўрад ці – турэцкія яйкі даражэйшыя за айчынныя. Дэфіцыт яек, які ўзнік да канца года, усхваляваў расейцаў больш, чым вайна і прэзідэнцкія выбары. Пытанні пра гэта, напэўна, узнікнуць і на заўтрашняй «прамой лініі» Пуціна.
Зводкі з рэгіёнаў падобныя на франтавыя:
Белгарад. Людзі выстройваюцца ў чэргі, каб набыць яйкі з кузава грузавіка – адпускаюць не больш за два дзясяткі ў рукі.
Новасібірск. Журналісты абышлі шэраг гандлёвых сетак, і там на месцы ўпаковак з яйкамі – пустыя паліцы ці іншая прадукцыя.
Екацерынбург. Самыя танныя яйкі ў сталіцы Урала можна знайсці за 100 р за дзясятак, прадукт 1-й катэгорыі каштуе 130 р. за ўпакоўку і вышэй. Дзе-нідзе яйкі сталі прадаваць паштучна.
Ульянаўск. Фатаграфіі пустых паліцаў без яек актыўна разыходзяцца па мясцовых сацсетках.
Саратаў. На кірмаш выходнага дня прывезлі 70 тыс. яек коштам 78 рублёў за дзясятак, і скончыліся яны вельмі хутка.
Толькі ў лістападзе яйкі падаражэлі на 15%, а з пачатку года – на 40%. Генпракуратура заявіла аб праверках
Сярод прычынаў называюць усплёскі птушынага грыпу і падаражанне імпартных камбікармоў. Эксперты адзначаюць, што сур'ёзных праблемаў з вытворчасцю яек у Расеі няма. Усё нагадвае паніку і ажыятаж, якія раней здараліся з цукрам і грэчкай.