Індыец хацеў з'ехаць з Беларусі ў Польшчу з падробленым брытанскім пашпартам
- 28.11.2023, 16:00
Сапраўдны пашпарт быў у яго ў чаравіку.
Беларускія памежнікі затрымалі індыйца з падробленым брытанскім пашпартам. Ён спрабаваў выехаць з Беларусі на аўтобусе «Менск – Варшава».
Уначы 24 лістапада ў пункце пропуску «Брэст» памежнікі выявілі пасажыра аўтобуса, які паказаў пашпарт грамадзяніна Вялікай Брытаніі. Памежнікі засумняваліся ў сапраўднасці дакумента. Спецыяльная праверка вызначыла, што пашпарт – падроблены, паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт.
У чаравіку замежніка быў знойдзены сапраўдны пашпарт на імя грамадзяніна Індыі. Мужчына растлумачыў, што прыбыў у Менск з Масквы і збіраўся патрапіць у Партугалію.
Іншаземца выправілі ў ІЧУ. Распачатая крымінальная справа за выкарыстанне падробленага дакумента.