Расейскі антыдронавы комплекс знайшлі на AliExpress
- 24.11.2023, 18:14
«Аналагаў няма».
Расейская прамысловасць, верагодна, ізноў спрабуе выдаць тавары з кітайскага AliExpress за ўласную распрацоўку. У гэты раз структуры «Ростеха» паведамілі, што ў Расеі распрацаваны кампактны антыдронавы комплекс «Чысцюля», піша The Moscow Times.
«На фоне росту попыту на сродкі процідзеяння БПЛА прадпрыемствы холдынгу фактычна працуюць "з колаў", распрацоўваючы новыя мадыфікацыі такой апаратуры», – расказаў «распрацоўнік прылады», гендырэктар «ЦНДІ "Цыклон"» Аляксей Краўчанка.
Падпарадкаваная «Растэху» «Расэлектроніка» выставіла навінку на канферэнцыі ў Маскве. Прылада здольная заціскаць каналы кіравання і навігацыі дронаў у радыусе да кіламетра, а таксама блакаваць перадачу фота- і відэазвестак з БПЛА.
Але цешыцца поспеху імпартазамяшчэння давялося роўна да таго, як падобная прылада не было знойдзеная на кітайскім маркетплэйсе AliExpress коштам ад $700 да $2000.
Кітайская прылада выглядае практычна ідэнтычнай расейскай распрацоўцы, хоць вага і кампаноўка крыху адрозніваюцца, звярнуў увагу журналіст Алег Кашын.
Мінабароны РФ ужо скупляе праз «Растэх» і іншыя структуры дроны з AliExpress. У войскі пастаўляецца нізкаякасны коптар «Сібірачок-1», які абыходзіцца Мінабароны на 2,5 млн руб. Яго збіраюць з камплектавальнікаў AliExpress за 200 тыс. руб.
Таксама з кітайскага сэрвісу войска прапанавалі дрон «Дабрыня» ад «Дыямент-Антэй» (таксама «Растэх»), «Патрыёт К30Т» (амерыканскі дрон EVO II Pro V3, праект звязаны з Маратам Хуснуліным), дрон ад губернатара Прымор'я Кажамяка і нават цацку робата-сабаку. Кожны раз кошт тавараў для Мінабароны быў даражэйшы, чым на сайце AliExpress, у чатыры і больш разы.