BE RU EN

Беларусь і РФ наклалі вета на абранне Эстоніі старшынёй АБСЕ

  • 21.11.2023, 21:10

Пастанова ў АБСЕ прымаецца кансэнсусам.

У аўторак, 21 лістапада, на пасяджэнні Сталай рады Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе (АБСЕ), якое прайшло ў Вене, Расея з Беларуссю наклалі вета на зацвярджэнне Эстоніі ў якасці наступнай старшыні АБСЕ ў 2024 годзе, паведамляе эстонскае выданне ERR.

«Пры галасаванні Расея і Беларусь наклалі вета на кандыдатуру Эстоніі», – паведаміла афіцыйная прадстаўніца МЗС Эстоніі Брэці Сарапуу.

Паколькі пастановы ў АБСЕ прымаюцца кансэнсусам, абраць Эстонію старшынёй арганізацыя не здолела.

Адказваючы на пытанне, што будзе далей, Сарапуу прызнала, што сітуацыя незразумелая: «Паколькі Эстонія таксама з'яўляецца адзінай кандыдаткай ад краінаў Еўразвязу, мы абавязкова абмяркуем гэта з іншымі краінамі ЕЗ».

Сарапуу таксама паведаміла, што на наступным тыдні ў Скоп'і, сталіцы цяперашняй старшыні АБСЕ Паўночнай Македоніі, адбудзецца сустрэча міністраў замежных справаў АБСЕ, дзе гэтае пытанне, як чакаецца, зноў будзе ўключанае ў парадак дня.

Міністр замежных справаў Маргус Цахкна і старшыня камісіі Рыйгікогу (парламента Эстоніі. – Заўвага. рэд.) у замежных справаў Марка Міхкельсан у сваіх каментарах падкрэслілі, што АБСЕ не павінна паддавацца ціску Расеі.

«Цяпер праз Расею і Беларусь мы знаходзімся ў сітуацыі, калі за паўтара месяца да новага года АБСЕ не мае пацверджанага старшыні, хоць з 2020 года Эстонія была адзінай кандыдаткай Еўразвязу на гэтую пасаду», – сказаў Цахкна.

Тэхнічна магчыма, што Паўночная Македонія прадоўжыць выконваць абавязкі старшыні ў наступным годзе, і сама краіна ў прынцыпе пагадзілася на гэта, аднак калі краіны ЕЗ і NATO паддадуцца ціску Расеі, то Масква даб'ецца вялікай дыпламатычнай перамогі, адзначыў Міхкельсан.

АБСЕ – арганізацыя, створаная пасля Нарады бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе (НБСЕ), якая пачалася ў 1973 годзе і закончылася прыняццем Хельсінкскага Заключнага акта ў 1975 годзе. Сябрамі арганізацыі з'яўляюцца дэмакратычныя краіны Еўропы, ЗША і Канада, а таксама краіны былога савецкага блока і Савецкага Саюза. Арганізацыя ў асноўным займаецца пытаннямі бяспекі.

Апошнія навіны