Замежным агентам» могуць забараніць уезд у Расею
- 21.11.2023, 20:07
Прапанову накіравалі ў Дзярждуму РФ.
Кіраўнік грамадскай арганізацыі «Федэральны праект бяспекі і барацьбы з карупцыяй» Віталь Барадзін накіраваў прапанову Дзярждуме пра ўвядзенне забароны на ўезд у Расею «замежным агентам». У лісце спікеру Дзярждумы Вячаславу Валодзіну, які цытуе Baza, ён раіць унесці адпаведныя папраўкі ў закон «Аб кантролі за дзейнасцю асобаў, якія знаходзяцца пад замежным уплывам».
«Эксперты Федэральнага праекту бяспекі і барацьбы з карупцыяй мяркуюць, што грамадзянам РФ, якія жывуць па-за межамі краіны, унесеным у рэестр замежных агентаў, якія прадаўжаюць публічна… крытыкаваць прынятыя прэзідэнтам і ўрад пастановы… неабходна на заканадаўчым узроўні забараніць уезд у РФ», – гаворыцца ў дакуменце. Гэтыя захады неабходныя «ў мэтах гарантавання ўнутранай бяспекі», – упэўнены Барадзін.
Цяпер уезд у Расею забараняюць замежнікам, якія ўяўляюць пагрозу для дзяржавы і яе грамадзянаў. Такі захад можа быць ужыты, калі іншаземец раней быў выдвараны, дэпартаваны, не валодае неабходнымі дакументамі або ўчыніў злачынства на тэрыторыі Расеі. Забараніць грамадзяніну РФ заязджаць у краіну нельга.
Віталь Барадзін – генеральны дырэктар і заснавальнік «Федэральнага праекту бяспекі і барацьбы з карупцыяй». Арганізацыя выкарыстоўвае абрэвіятуру ФПБК, якая вельмі падобная да скарочанай назвы Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) Аляксея Навальнага. Бі-бі-сі сцвярджае, што ФПБК стварылі пры спрыянні «Адзінай Расеі» як адказ структурам Навальнага.
Барадзін быў вядомы даносам на незалежныя расейскія медыя, а з пачатку вайны ва Украіне пачаў даносіць на расейскіх выканаўцаў і актораў, якія выказваліся супраць уварвання. Сярод іх – Валерый Меладзэ, Сямён Сляпакоў, Дыяна Арбеніна, Лія Ахеджакава і Ала Пугачова.
Раней пра праблемы для з'ехалых расейцаў, якія выступаюць супраць уварвання ва Украіну, заявілі і ў Крамлі. «Ёсць тыя, хто цяпер там, за мяжой, збірае грошы на Узброеныя сілы Украіны, спрабуе дапамагаць войску Украіны, выступае на розных мерапрыемствах грамадска-палітычных і лае нашу краіну. У многім паклёпнічаюць на нашу краіну. Вось гэтым людзям ужо будзе немагчыма сюды вярнуцца. Я ўжо не кажу пра законы, якія будуць дзейнічаць у дачыненні да іх, – людзі іх не прымуць», – заявіў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў.