BE RU EN

Экспарт расейскай нафты ўпаў рэкордна за чатыры месяцы

  • 21.11.2023, 19:24

Падзенне здарылася пасля санкцый супраць «ценевага флоту» Пуціна.

Экспарт расейскай нафты рэзка скараціўся ў сярэдзіне лістапада пасля таго, як ЗША пачалі ўводзіць санкцыі супраць «ценевага флоту» Крамля.

На тыдні, якая закончыўся 19 лістапада, танкеры вывозілі з марскіх партоў РФ 2,7 млн бараляў за дзень – мінімальны аб'ём за апошнія тры месяцы, паведамляе Bloomberg са спасылкай на звесткі сачэння за судамі. У параўнанні з папярэднім тыднем аб'ёмы экспарту зменшыліся на 580 тысяч бараляў за дзень, або 16% – рэкордна з пачатку ліпеня, а прыбыткі бюджэту ад экспартных мытаў сталі самымі нізкімі з канца верасня – $68,1 млн супраць $82,2 млн на тыдзень раней.

Праселі ў першую чаргу пастаўкі ў Азію, якая пасля ўвядзення нафтавага эмбарга Еўразвязу забірае 9 з 10 бараляў, што выпраўляюцца з Расеі на экспарт. За тыдзень да 19 лістапада аб'ёмы паставак у Індыю і Кітай упалі да самага нізкага ўзроўню з канца жніўня, у той час як экспарт у Турцыю застаўся стабільным – блізу 400 тысяч бараляў за дзень.

Крыніцы Reuters сярод нафтатрэйдараў адзначаюць, што пасля хвалі амерыканскіх санкцый узніклі асцярогі нястачы танкераў для перавозкі расейскіх бараляў. Кошт фрахту карабля з партоў Балтыйскага мора да Індыі ўзляцеў да $10 млн, хоць яшчэ ў пачатку месяца гэта было $8 млн, а ў верасні – толькі $5 млн.

«Мы прадбачым магчымую нястачу караблёў для расейскай нафты», – сказала адна з крыніцаў агенцтва: суднавыя аператары асцерагаюцца жорсткіх захадаў з боку ЗША, якія ўзяліся скончыць з практыкай продажу бараляў з РФ праз парушэнне санкцый.

У кастрычніку амерыканскі Мінфін занёс у «чорныя спісы» танкеры Yasa Golden Bosphorus і SCF Primorye, зарэгістраваныя на кампаніі з Турцыі і ААЭ. У лістападзе пад санкцыі патрапілі яшчэ тры караблі – «Казань», «Лігаўскі праспект» і NS Century, якія належалі суднаходным аператарам у Дубаі. Усе яны былі абвінавачаныя ў парушэнні «коштавай столі», што забараняе вазіць нафту расейскага паходжання коштам больш за $60 за бараль.

Пакуль адгрузкі Urals – асноўнага экспартнага гатунку Расеі – ідуць бесперабойна, кажуць крыніцы Reuters, аднак праз рост кошту фрахту павялічваюцца зніжкі.

На мінулым тыдні кошт Urals падаў ніжэй за $60 за бараль, а яе дысконт да Brent дасягнуў амаль $20, хоць яшчэ ў кастрычніку не перавышаў $10. На стан аўторка, 21 лістапада, Urals прадаецца за $61–63 за бочку, кажуць крыніцы Reuters. Гэта па-ранейшаму на $20 танней за Brent, якая гандлюецца блізу $83, і істотна ніжэй за ўзроўні, якія ўрад заклаў у бюджэт.

Праект казны на найбліжэйшую трохгодку звярстаны з разліку, што Urals будзе каштаваць $71,3 за бараль у 2024 годзе, $70,1 – у 2025-м і $70 – у 2026-м.

Апошнія навіны