У расонскіх крамах дэфіцыт тавараў
- 21.11.2023, 17:39
Праблему прызналі нават мясцовыя ўлады.
У Расонскім раёне Віцебскай вобласці складваецца складаная сітуацыя ў крамах і аўтакрамах спажыўкааперацыі, піша раённая газета «Голас Расоншчыны». На прылаўках не стае элементарных тавараў.
У райвыканкаме пра праблему ведаюць і ўвесь час інфармуюць пра гэта і аблвыканкам. «Мы праводзім пазапланавыя маніторынгі: адсочваем якасць гандлёвага абслугоўвання. Галоўная праблема – таварная насычанасць», – паведаміла кіраўніца аддзела эканомікі райвыканкама Вікторыя Бадунова.
Тавараў у продажы катастрафічна мала. Як піша выданне, «шакалад, бісквітныя вырабы, рыба марожаная, рыбныя прэсервы, ёгурты – гэта сёння ў крамах раскоша».
Прадаюцца некалькі найменняў шампуню, парашкоў, зубной пасты і адна-дзве пары ботаў. Паводле словаў Бадуновай, нічога новага з нехарчовых тавараў «не паступае ўжо больш за два гады».
У жудасным стане знаходзяцца і аўтакрамы. Іх знос даўно склаў больш за 100%, адзначае раёнка. У выданні мяркуюць, што «развязаць праблему на месцах нерэальна», і пераадрасоўваюць яе кіраўніцтву Віцебскага спажывецкага таварыства. Там, дарэчы, шукаюць прадаўцоў, якія будуць працаваць за 650 рублёў на месяц.