NYT: Свет уваходзіць у новую эру
- 21.11.2023, 17:06
Вайна ва Украіне паскорыла працэс.
Чалавецтва стаіць на парозе эры аўтаномных баявых дронаў. Шэраг краінаў заклікаюць неадкладна ўвесці абмежаванні на гэты від зброі, але ЗША ды іншыя буйныя дзяржавы выступаюць супраць забаронаў, піша The New York Times.
«Гэта падобна на нешта з навуковай фантастыкі: зграі дронаў-забойцаў, якія самастойна палююць на цэлі і здольныя прылятаць для забойства без якой-небудзь згоды чалавека. Але гэта ўжо блізка да рэальнасці, паколькі ЗША, Кітай і некалькі іншых краінаў хутка прагрэсуюць у распрацоўцы і разгортванні новых тэхналогій, якія могуць змяніць прыроду вайны, перадаўшы пастановы пра жыццё і смерць аўтаномным дронам, абсталяваным штучным інтэлектам», – гаворыцца ў публікацыі.
Гэтая перспектыва настолькі непакоіць шматлікія іншыя краіны, што яны спрабуюць звярнуць на яе ўвагу з дапамогай прапановаў у ААН увесці юрыдычна абавязковыя правілы ў выкарыстанні «смяротнай аўтаномнай зброі».
Хуткае развіццё штучнага інтэлекту і інтэнсіўнае выкарыстанне беспілотных лётных апаратаў у канфліктах ва Украіне і на Блізкім Усходзе зрабілі гэтае пытанне яшчэ больш актуальным. Пакуль што дрон звычайна залежыць ад людзей-аператараў пры выкананні смяротных місій, але распрацоўваецца праграмнае забеспячэнне, якое неўзабаве дазволіць ім знаходзіць і выбіраць цэлі самастойна.
Інтэнсіўнае глушэнне радыёсувязі і GPS, што парушае сувязь паміж дронам і аператарам, назіранае на фронце ва Украіне, толькі паскорыла распрацоўку менавіта аўтаномных сістэмаў, каб дроны маглі ваяваць, нават страціўшы сувязь.
«Гэта не сюжэт рамана-антыўтопіі, а рэальнасць, якая насоўваецца», – сказаў афіцыйным асобам на нядаўнім пасяджэнні ААН Гастан Браўн, прэм'ер-міністр астраўной дзяржавы Антыгуа і Барбуда.
Злучаныя Штаты ўжо прынялі добраахвотную палітыку, якая ўстанаўлівае абмежаванні на выкарыстанне штучнага інтэлекту і смяротнай аўтаномнай зброі. Палітыка Пентагона забараняе выкарыстанне любой новай аўтаномнай зброі ці нават яе распрацоўкі, калі яны не былі ўхваленыя высокапастаўленымі службовымі асобамі Міністэрства абароны.