Частка былых крамаў «Віталюр» сыходзіць іншым сеткам
- 21.11.2023, 16:07
Што адбываецца?
У сацсетках з'явілася інфармацыя, што зачыняюцца некаторыя крамы «Санта». Як высветліў Office Life, гаворка ідзе пра былыя крамы «Віталюр», якія ў пачатку года перайшлі ў арэнду «Санта». У найбліжэйшы час частка з іх сапраўды зменіць шыльды на іншыя гандлёвыя сеткі.
Як растлумачылі OL прадстаўнікі «Санта», у пачатку года кампанія «падставіла плячо "Віталюр" у складаны для яго перыяд і ўзяла пад сваё аперацыйнае кіраванне 81 краму гэтай сеткі».
– Мы выкупілі гандлёвае абсталяванне, тавар і падтрымалі «Віталюр» фінансава. Гэта дазволіла не толькі захаваць самае важнае – персанал і пакупнікоў, але і дапамагчы «Віталюр» разлічвацца з дзяржавай, супрацоўнікамі і пастаўшчыкамі, захаваць сваю плацежаздольнасць. Цяпер прыйшоў час рухацца далей. У шэрагу гандлёвых аб'ектаў на пагадненне бакоў дамовы арэнды спыняюцца, і ўласнік заключае новыя дамовы з іншымі аператарамі, – паведаміў прадстаўнік «Санта».
Гендырэктар «Віталюр» Віталь Яцук пацвердзіў Office Life, што шэраг крамаў, якія былі ў арэндзе ў «Санта», цяпер перадаюць іншым гандлёвым сеткам. Паводле ягоных словаў, у пачатку года, калі трэба было перадаць у арэнду і захаваць 81 краму, гэта была складаная ўгода, ажыццявіць якую пастанавілі з адным гульцом – сеткай «Санта».
– На той момант у нас была дамоўленасць з «Санта», што мы вернемся да размовы, каб перадаць частку аб'ектаў іншым гандлёвым сеткам. Напрыклад, гэта датычыцца буйных гандлёвых аб'ектаў, бо для «Санта» не характэрны такі фармат. У выніку ў сярэдзіне лета мы правялі перамовы, і цяпер размова ідзе пра перадачу прыкладна 20 гандлёвых аб'ектаў. Але іх колькасць можа вырасці, – адзначыў Віталь Яцук.
Ён удакладніў, што частку крамаў перадаюць гандлёвай сетцы Green – такіх аб'ектаў запланавана восем. Яшчэ чатыры крамы будуць арандаваць «Суседзі» і два – «Гіпа». Акрамя таго, «Віталюр» вядзе перамовы яшчэ з дзвюма гандлёвымі сеткамі.
Крамы пераходзяць іншым сеткам як у Менску, дзе размешчана 80% плошчы «Віталюр», так і ў рэгіёнах.
Гандлёвае абсталяванне, якое было ў крамах «Віталюр», цяпер належыць «Санта». Звычайна яго набывае тая сетка, якая арандуе гандлёвы аб'ект.
Паводле словаў Віталя Яцука, запазычанасць «Віталюр» перад беларускімі пастаўшчыкамі памерам 100 млн рублёў ужо фактычна выплачаная.