З Барысавым каменем у Полацку пачалі адбывацца дзіўныя рэчы
- 21.11.2023, 14:46
Гэта не хуліганы, і не з'ява прыроды.
Жыхары Полацку б'юць трывогу: на легендарным Барысавым камені з'явіліся дзіўныя рагі.
Высечаныя на легендарным камені крыж і надпісы «ХС Ника» і «Господи, помози рабу своему Борiсу» змянілі колер, каля іх з'явіліся рагі, паведамляе nashaniva.com.
У Музеі Сафійскага сабора тлумачаць: гэта не хуліганы і не з'ява прыроды. Надпіс на камені падмалявалі спецыяльна, «каб было лягчэй прачытаць».
А гэта нармальна - падмалёўваць помнік? На такое пытанне ў аддзеле культуры Полацкага райвыканкама заявілі, што нічога не чулі пра фарбаванне Барысавага каменя, і абяцалі даслаць на месца спецыяліста, каб ён убачыў усё на ўласныя вочы.
Барысаў камень унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Таму на ўсе дзеянні з ім павінна быць атрыманая згода Міністэрства культуры.
Барысавы камяні - унікальныя помнікі XII стагоддзя, манументальны праект полацкага князя Барыса Усяславіча, пры якім былі выбіты надпісы на вялізных валунах у розных канцах дзяржавы.
З сямі ці дзесяці - даследнікі спрачаюцца, якія з камянёў залічваць да «Барысавых» - вядомых валуноў захаваліся тры. Астатнія ўзарвалі ў савецкі перыяд. Але і з тых, хто захаваўся, адзін не ў Беларусі, а яшчэ ў XIX стагоддзі быў вывезены расейскімі каланізатарамі пад Маскву, у Каломенскае. А той другі, які ў Беларусі, у Друі, расколаты.
Той Барысаў камень, які ляжыць каля полацкага Сафійскага сабора, знайшлі ў Дзвіне прыкладна за 5 кіламетраў ад Полацка, насупраць вёскі Падкасцельцы. Першая спроба выцягнуць на бераг валун з палявога шпату, дыяметр якога блізу восем метраў, была здзейсненая яшчэ ў 1889 годзе, але была беспаспяховай. У 1981 годзе да ідэі вярнуліся. Камень перанеслі ў адну з першых беларускіх сталіц. Гэта адзін з найстаражытных помнікаў беларускай дзяржаўнасці - просты і велічны адначасова.