Жыхар Масквы застрэліўся ў ціры, каб не служыць у войску
- 21.11.2023, 18:46
Позва загадвала з'явіцца ў ваенкамат 21 лістапада.
Жыхар Масквы скончыў жыццё самагубствам у стралковым клубе пасля таго, як яму прыйшла позва ў войска, паведамляе тэлеграм-канал Baza.
Паводле ягоных звестак, 23-гадовы Марк учыніў суіцыд у клубе «Стрэл» на Марксісцкай вуліцы. Перад смерцю ён напісаў цыдулку сябрам, у якой растлумачыў свой учынак тым, што не хоча ісці ў войска.
Позва, якую ён атрымаў да гэтага, загадвала яму з'явіцца ў ваенкамат 21 лістапада.
Незадоўга да трагедыі сябры Марка тэлефанавалі ў цір «Стрэл» і папярэджвалі супрацоўнікаў пра суіцыдальныя намеры хлопца, аднак ім ніхто не паверыў – падумалі, што гэта жарт, піша тэлеграм-канал «112».
З 1 кастрычніка да 31 снежня ў Расеі праводзіцца восеньскі набор на тэрміновую службу ў войска. Згодна з указам прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, улады збіраюцца набраць 130 тыс. чалавек ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў, якія не знаходзяцца ў запасе.
Цяперашні восеньскі набор стане апошнім, калі верхняя планка прызыўнога ўзросту будзе абмежаваная 27 гадамі. З 1 студзеня 2024 года ў войска будуць набіраць з 18 да 30 гадоў – адпаведны ўказ Пуцін падпісаў 4 жніўня.