SpaceX вывела «Старшып» у космас
- 18.11.2023, 18:23
Потым карабель перастаў выходзіць на сувязь.
Ракета «СуперХэві» кампаніі SpaceX Ілана Маска вывела ў космас звышцяжкі карабель «Старшып» падчас другіх лётных выпрабаванняў. Трансляцыя запуску, які прайшоў на касмадроме Бока-Чыка ў Тэхасе, вялася ў сацсетках SpaceX, піша «Медуза».
Першая ступень ракеты-носьбіта вывела карабель у космас, пасля чаго аддзялілася і выбухнула. Сувязь з караблём знікла прыкладна праз 10 хвілінаў палёту, пасля чаго кампанія заявіла ў трансляцыі, што запусціла функцыю самазнішчэння «Старшыпа», адзначае CNN. Ілан Маск павіншаваў каманду SpaceX з запускам.
Першыя тэставыя выпрабаванні карабля «Старшып» прайшлі ў красавіку 2023 года. Незадоўга да запланаванага аддзялення першай ступені «Старшып» пачаў некантраляванае кручэнне, пасля чаго выбухнуў.