BE RU EN

«Машынаў стане менш»: Як паўплывае на працу таксі новы ўказ Лукашэнкі

  • 17.11.2023, 21:23

Кошты паездак вырастуць.

14 лістапада Лукашэнка запатрабаваў «узмацніць кантроль» у галіне пасажырскіх перавозак, загадаў выпрацаваць «адзіныя правілы гульні». Адразу ж пасля гэтай нарады КДБ абвясціў пра затрыманне больш як 20 «маршрутчыкаў». А што чакае таксі? Разбіралася «Радыё Свабода».

Праект указа, які мае дачыненне да таксі, з'явіўся яшчэ 8 чэрвеня. Гэты дакумент прадугледжвае:

– Стварэнне «рэестра аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах». У яго хочуць уключыць усіх дыспетчараў, перавознікаў, кіроўцаў і транспартныя сродкі. Калі перавознік не ў рэестры – ён працуе незаконна. Каб патрапіць у рэестр, трэба плаціць. За адну машыну дзве базавыя велічыні (74 рублі). За аднаго кіроўцу – адну (37 рублёў). За дыспетчара – 100 базавых (3700 рублёў).

– Устаноўка для кіроўцаў абавязковых відэарэгістратараў у салоне, каб была відэафіксацыя працэсу перавозкі. Гэтыя запісы ў любы момант могуць запатрабаваць сілавікі і кантрольныя органы.

– Абавязковая рэгістрацыя юрыдычнай асобы ў Беларусі для замежных кампаній. І выкарыстанне беларускіх інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў (сэрвераў) для забеспячэння дзейнасці.

Найбольш папулярны агрэгатар таксі ў Беларусі – «Яндэкс-таксі». У гэтай фірме сцвярджаюць, што юрыдычную асобу ў Беларусі ўжо зарэгістравалі і інфармацыйны рэсурс таксама размясцілі на тэрыторыі нашай краіны, як таго і патрабуе Лукашэнка.

«Мы адпавядаем заяўленым патрабаванням: доступ да сэрвісу "Яндэкс Go" ў Беларусі даўно прадстаўляецца беларускай юрыдычнай асобай, а інфармацыйны рэсурс знаходзіцца ў нацыянальным сегменце інтэрнэту і прайшоў адпаведную рэгістрацыю», – паведамілі ў сэрвісе.

У Менску прадаўжаюць працаваць традыцыйныя службы таксі: 135, 107, 152. Іх кіроўцам і цяпер належыць агляд лекара і механіка перад выездам. У «Яндэкс-таксі» да гэтага часу такога патрабавання не было. Падобна, што новыя правілы закрануць і кіроўцаў гэтага сэрвісу. Чым гэта можа пагражаць, журналістам расказалі таксісты.

«Будзе шмат затратаў, стане больш складана падзарабляць. У "Яндэкс-таксі" працуе шмат людзей, якія маюць іншую працу, а гэта проста падпрацоўка. Машынаў стане менш і добра ад новаўвядзенняў нікому не будзе. Паездка таксама, хутчэй за ўсё, падаражэе», – расказвае таксіст.

На рост коштаў, паводле словаў суразмоўцы, паўплывае неабходнасць праходзіць агляд лекараў, механіка, выдаткоўваць на мыты і камеры, мяркуе кіроўца.

Паводле другой крыніцы, «Яндэкс-таксі» ад зменаў нікуды не падзенецца. Аднак кіроўцы, якія раней свабодна падзараблялі з дапамогай сэрвісу, больш не будуць мець даволі лёгкага прыбытку.

Паводле словаў прадстаўніка Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA) Юрыя Козікава, новы праект указа мае «вялікую колькасць неўрэгуляваных пытанняў». А яго прыняцце прывядзе да выдаткаў з боку перавознікаў.

«Для перавознікаў і дыспетчараў новыя нормы – гэта дадатковыя арганізацыйныя і фінансавыя выдаткі, напэўна даволі істотныя, дадатковыя механізмы кантролю і забароны дзейнасці з боку дзяржавы. Для кіроўцаў – рызыка забароны дзейнасці ў выпадку выключэння з рэестра перавознікаў, дадатковы кантроль перамяшчэння. Для карыстальніка – дадатковы кантроль перамяшчэння з боку дзяржавы, перадача звестак сілавым структурам, рост тарыфаў; магчыма, праблемы з інфармацыйнымі сэрвісамі», – кажа Юры Козікаў.

Новы ўказ, які рэгулюе працу таксі, павінен пачаць працаваць з другога паўгоддзя 2024 года.

Апошнія навіны