Названы найлепшы смартфон для фатаграфій
- 17.11.2023, 18:56
Малавядомы Android абышоў iPhone 15 Pro.
У канцы верасня Huawei прапанавала на рынку хітавы флагман Mate 60 Pro+ з топавым наборам камераў. Адмыслоўцы DxOMark пратэставалі ягоную заднюю камеру і дайшлі да высновы, што ў частцы фота смартфон не пакідае шанцаў іншым мадэлям.
Так, падчас тэставанняў камера Huawei Mate 60 Pro+ набрала 157 балаў, што дазволіла смартфону заняць першае месца рэйтынгу, усяго на адзін пункт абышоўшы мінулага лідара – Mate 60 Pro. Далей размяшчаюцца iPhone 15 Pro і iPhone 15 Pro Max.
Чаму Huawei Mate 60 Pro+ найлепшы
Вельмі шырокі дынамічны дыяпазон, дакладная экспазіцыя пры партрэтнай і пейзажнай здымцы.
Добрая колераперадача, хуткі і дакладны аўтафокус.
Пераменная дыяфрагма дазваляе аптымізаваць глыбіню рэзкасці для кожнай сцэны.
Добры эфект размыцця і дакладная ізаляцыя аб'екта ў партрэтным рэжыме.
Топавая макраздымка дзякуючы выкарыстанню тэлеаб'ектыва 3,5x.
Нягледзячы на абсалютнае лідарства, адмыслоўцы DxOMark назвалі адразу некалькі мінусаў камеры Mate 60 Pro+. Напрыклад, страта дэталяў у высокакантраставым відэа і відэа пры слабым асвятленні, таксама пры слабым асвятленні заўважаны шум, артэфакты на фота. А яшчэ кантраст твару і адценні скуры маглі б быць лепшымі ў складаных сцэнах з «контравым» асвятленнем. Але нягледзячы на гэта, Mate 60 Pro+ цяпер – найлепшы ў свеце камерафон.
Таксама ў топ DxOMark найлепшых камерафонаў патрапілі Google Pixel 8 Pro, Oppo Find X6 Pro, Honor Magic 5 Pro, Oppo Find X6, Huawei Mate 50 Pro і базавы Pixel 8.