Смартфоны навучылі вызначаць, наколькі п'яныя іх гаспадары
- 10.11.2023, 21:19
У будучыні яны будуць папярэджваць сваіх гаспадароў, што трэба спыніцца.
Даследнікі са Стэнфардскага медыцынскага ўніверсітэта і Універсітэта Таронта стварылі алгарытм, які дазваляе датчыкам у смартфонах і разумных калонках вызначаць, наколькі п'яны карыстальнік, каб ён не садзіўся за стырно. Пра гэта паведамляе Смартфоны навучылі вызначаць, наколькі п'яныя іх гаспадары
У сваёй апублікаванай навуковай працы навукоўцы расказваюць, што правялі эксперыменты, якія паказалі, што змены ў галасавых патэрнах паддоследных могуць выкарыстоўвацца прыладамі для дакладнага прагназавання алкагольнай інтаксікацыі ў 98 адсотках выпадкаў. Такія звесткі даследавання, праведзенага з 18 удзельнікамі ва ўзросце ад 21 года і старэйшых. Акрамя дазавання алкаголю ў залежнасці ад вагі, удзельнікам у выпадковым парадку прапаноўвалася выканаць серыю скорагаворак: адну перад тым, як яны выпілі, і яшчэ адну кожную гадзіну пасля ўжывання алкаголю цягам сямі гадзінаў.
Пасля прачытання скорагаворкі ўслых удзельнікам было прапанавана запісаць свае галасы на смартфон. Утрыманне алкаголю ў выдыханым паветры таксама фіксавалася даследнікамі ў пачатку эксперыменту, а потым кожныя 30 хвілінаў пасля першай дозы цягам максімум сямі гадзінаў. Даследаванне паказала, што датчыкі смартфонаў могуць даволі дакладна выяўляць алкагольнае ап'яненне і своечасова падказаць, што апошні келіх ці чарка былі лішнімі. Варта браць да ўвагі, што эксперымент праводзіўся з носьбітамі ангельскай мовы, і ў выпадку з іншымі мовамі вынік можа адрознівацца.
«Хоць мы не з'яўляемся піянерамі ў выяўленні змяненняў у характарыстыках маўлення падчас алкагольнага ап'янення, я цвёрда ўпэўнены, што наша цудоўная дакладнасць абумоўленая ўжываннем перадавых дасягненняў у галіне апрацоўкі сігналаў, акустычнага аналізу і машыннага навучання», – сказаў асноўны даследнік Браян Суфалета.
Паводле словаў Суфалета, мэта такога роду даследаванняў – забяспечыць «своечасовае ўмяшанне», каб прадухіліць траўмы і смяротныя выпадкі, выкліканыя аўтамабільнымі або іншымі аварыямі, звязанымі з алкагольным ап'яненнем. Беручы да ўвагі шырокае распаўсюджванне смартфонаў і інтэлектуальных калонак, гэтыя прылады з'яўляюцца выдатным варыянтам для папярэджання людзей, калі яны занадта п'яныя і ім не варта кіраваць машынай ці нават можа спатрэбіцца шпіталізацыя.
Аднак эксперымент знаходзіцца на ранняй стадыі. Суфалета сцвярджаў, што для пацверджання таго, што вакальныя мадэлі з'яўляюцца надзейнай прыкметай інтаксікацыі, патрабуецца значна больш даследаванняў з удзелам людзей самага рознага этнічнага паходжання. Ён выказаў здагадку, што ў будучыні ягоная каманда звернецца па дапамогу да кампаній, якія ў цяперашні час збіраюць узоры маўлення з дапамогай разумных дынамікаў. У канчатковым выніку каманда хоча стварыць пасіўную сістэму, якая зможа папярэджваць людзей пра іх ап'яненне, не выклікаючы лішніх нязручнасцяў.
Паводле звестак Сусветнай арганізацыі здароўя, штогод блізу 3 мільёнаў смерцяў ва ўсім свеце выкліканыя злоўжываннем алкаголем. Гэта складае 5,3 адсотка ўсіх загінулых.