«Кіроўца з пасажырам кінулі аўто і ўцяклі»
- 31.10.2023, 10:34
Rover збіў да смерці дзяўчыну на дарозе пад Пухавічамі.
У Пухавіцкім раёне вадзіцель Rover збіў да смерці дзяўчыну-пешахода і ўцёк з месца ДТЗ. Падрабязнасці паведамілі ва УУС Менскага аблвыканкама.
Смяротная аварыя здарылася побач з гарадскім пасёлкам Свіслач 30 кастрычніка. На 51-м кіламетры аўтатрасы Р-69 прыкладна а 12.00 гадзін кіроўца Rover не даў рады кіраванню і збіў пешахода. Ад атрыманых траўм 26-гадовая дзяўчына памерла на месцы. А кіроўца і ягоны пасажыр выбраліся з легкавіка, які апынуўся ў кювеце, і ўцяклі з месца аварыі.
- Пазней кіроўца, 34-гадовы жыхар Пухавіцкага раёна, сам прыйшоў у Свіслацкае аддзяленне міліцыі і прызнаўся ва ўчыненні ДТЗ. Яго пасажыра, 32-гадовага ўраджэнца Берасцейскай вобласці, затрымалі супрацоўнікі крымінальнага вышуку Пухавіцкага РАУС, - пракаментавалі ў прэс-службе.