Аляксей Ганчарэнка: Лукашэнка - злачынец з выпаленым на ілбе кляймом
- 31.01.2023, 15:39
Трыбунал над двума рэжымамі робіцца рэальным.
Суд Ленінскага раёна Магілёва 23 студзеня прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сацыяльныя сеткі дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны, кіраўніка міжфракцыйнага дэпутацкага аб'яднання «За дэмакратычную Беларусь» Аляксея Ганчарэнкі.
Сайт Charter97.org папрасіў украінскага парламентарыя пракаментаваць пастанову суда:
— Я ўспрыняў гэта як маленькі ганаровы медаль. Мае сацсеткі атрымалі тлустую ўпадабайку ад рэжыму Лукашэнкі. Бо калі для яго мае сеткі «экстрэмісцкія» і небяспечныя, значыць, я ўсё раблю правільна і гэтую працу трэба працягваць.
- Вы раней разам з калегамі ўнеслі ў Вярхоўную Раду Украіны прапанову прызнаць Беларусь тэрыторыяй, якую акупавала Расея. Раскажыце аб гэтай прапанове.
- Сапраўды, у Вярхоўнай Радзе ляжыць праект пастановы ад мяне і маіх калег з міжфракцыйнага дэпутацкага аб'яднання «За дэмакратычную Беларусь», які кажа аб тым, што Беларусь сёння з'яўляецца акупаванай тэрыторыяй.
Таму трэба ставіць пытанне аб выключэнні марыянетачнага рэжыму, пастаўленага Расеяй, з міжнародных арганізацый, інстытуцый і гэтак далей.
- Вы таксама з'яўляецеся сябрам украінскай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ), якая днямі падтрымала стварэнне трыбунала для Пуціна і Лукашэнкі. Наколькі гэта рэальна і як можа выглядаць трыбунал?
- Магу сказаць, што я быў адным з тых, хто гэтую ідэю прасоўваў. Перспектыва трыбунала абсалютна рэальная. Мы над гэтым працуем. Я веру ў станоўчы вынік, які будзе выглядаць наступным чынам: будзе група краін, а таксама міжнародных арганізацый, напрыклад, Рада Еўропы, якія ўкладуць паміж сабой адпаведную дамову і створаць трыбунал.
Падкрэслю, што гаворка ідзе менавіта пра трыбунал супраць Пуціна, Лукашэнкі і найвышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва Расеі і Беларусі за злачынствы «агрэсіі».
Мы гаворым менавіта аб гэтым трыбунале, не аб усіх учыненых ваенных злачынствах, а аб корані ўсяго гэтага — аб самім факце ваеннай агрэсіі супраць Украіны з боку Расеі з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Такі суд можа быць створаны. Усе довады ў наяўнасці.
Трыбунал зможа правесці сваю працу і вынесці пастанову. Зразумела, што Расея і марыянетачны беларускі рэжым не будуць прызнаваць яе, але, па-першае, гэта пакуль гэтыя рэжымы не загінулі, а я ўпэўнены, што яны будуць зрынутыя. Па-другое, гэта пагоршыць і эканамічную, і дыпламатычную ізаляцыю рэжымаў.
- Характэрна, што стварэнне трыбунала ў ПАРЕ падтрымалі аднагалосна і за прагаласаваў нават лаяльны да Лукашэнкі Азербайджан. Пра што гэта гаворыць?
- Ні Арменія, ні Сербія, ні Вугоршчына, ні Турцыя, у аніводнай з гэтых краін не знайшлося ніводнага дэпутата, які б прагаласаваў супраць. Гэта сведчыць аб узроўні іх ізаляцыі. Пра тое, што ўсяму свету відавочна, хто такія Лукашэнка і Пуцін. Проста злачынцы з выпаленым на ілбе кляймом.