BE RU EN

Military Times: ЗША рыхтуюць гвардыю да сутыкнення з РФ у Арктыцы

  • 31.01.2023, 15:04

Вашынгтон будзе абараняць у рэгіёне важных хаўруснікаў па NATO.

Нацыянальная гвардыя ЗША скончыла дзесяцідзённыя вучэнні Northern Strike, закліканыя падрыхтаваць вайскоўцаў да баявых дзеянняў у Арктыцы. Як паведамляе выданне Military Times, па меры раставання льдоў марскія шляхі тут становяцца больш суднаходнымі, а такія краіны, як Кітай і Расея, павялічваюць сваю вайсковую прысутнасць.

«Калі вы паглядзіце на мапу з боку Паўночнага полюса, то ўбачыце, наколькі блізкія ўсе гэтыя краіны. …> Цяпер мы пачынаем бачыць, як краіны асвойваюць гэтыя раёны. І там будзе канкурэнцыя», - сказаў у чацвер Military Times генерал арміі Дэн Хокансан, начальнік бюро Нацыянальнай гвардыі.

У Арктыцы дзейнічаюць хаўруснікі ЗША па NATO, такія як Нарвегія, якіх Вашынгтон будзе абавязаны падтрымаць у выпадку канфрантацыі.

«Мы павінны быць у стане адправіцца туды, дзе можа ўзнікнуць патэнцыйны канфлікт», – дадаў Хокансан.

У рамках свайго візіту ў чацвер Хокансан паўдзельнічаў у стрэльбах з гаўбіцы M777, аднаго з тыпаў зброі NATO, адпраўленай на дапамогу ўкраінскаму войску для адбіцця расейскага ўварвання. Таксама ў манеўрах узялі ўдзел байцы латвійскага спецназа - старыя ўдзельнікі Northern Strike.

Падчас прэс-канферэнцыі ў аўторак Хокансан паведаміў журналістам, што Нацыянальная гвардыя мае намер не толькі пашырыць свой склад ратацыі вучэнняў і трэніровак, але і мадэрнізаваць структуру сваіх брыгад і дывізій, каб яны больш дакладна адпавядалі дзейнаму войску.

«Нашы гвардзейцы ўсвядомілі, што Арктыка - важны рэгіён. І нам трэба выкарыстоўваць кожную магчымасць, каб сапраўды трэніравацца ва ўмовах, у якіх не можам знаходзіцца ўвесь час - проста памятаць, што мы можам працаваць там», - растлумачыў Хокансан.

Апошнія навіны