Намеснік камандзіра палка Каліноўскага: Зянона Станіслававіча мы б у крыўду не далі
- 31.01.2023, 14:41
Сталі вядомыя падрабязнасці паездкі Зянона Пазняка на пазіцыі беларускіх добраахвотнікаў у Бахмуце.
Зянон Пазняк наведаў пазіцыі палка імя Кастуся Каліноўскага ў Бахмуце. На фронце і ў прыфрантавой зоне палітык увогуле прабыў дзень. Тут ён перамяшчаўся на браневіку і начаваў з байцамі на адным з вайсковых аб'ектаў, дзе спаў у спальным мяшку. Аб падрабязнасцях паездкі «Зеркалу» распавёў намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук.
«З улікам яго ўзросту - гэта мужны крок»
Полк Кастуся Каліноўскага і рух «Вольная Беларусь», які прадстаўляе Зянон Пазняк, кантактуюць з пачатку вайны. Прадстаўнікі «Вольнай Беларусі» дапамагалі падраздзяленню з тэхнікай: перадалі мікрааўтобус і дроны. Са слоў Вадзіма Кабанчука, некаторыя з яго таварышаў па службе ведаюць Зянона Станіслававіча не адзін дзясятак гадоў, таму вайскоўцы даўно клікалі палітыка ў госці.
- Калі Зянон Станіслававіч прыехаў ва Украіну, спытаў, ці можа ён наведаць баявыя пазіцыі. Мы сказалі: «Вядома, толькі ўдакладнім пытанні бяспекі», - тлумачыць Вадзім Кабанчук. - З улікам яго ўзросту (палітыку 78 гадоў. - Рэд.) - гэта мужны крок.
Інфармацыю аб тым, што Пазняк наведае Бахмут і прыфрантавую зону, ведалі толькі камандзіры. Гэтага патрабавала бяспека. Для астатніх байцоў візіт палітыка і прадстаўнікоў «Вольнай Беларусі» стаўся сюрпрызам.
- Яны рухаліся на браневіку. Мы выдзелілі ім бронекамізэлькі і каскі, - адзначае намеснік камандзіра палка Каліноўскага. - Суправаджалі іх байцы, якія ведаюць абстаноўку, таму палітык заязджаў толькі туды, дзе было адносна бяспечна. Ніякіх жорсткіх інструкцыяў ніхто не агучваў. Пры сабе ў нас была зброя, таму Зянона Станіслававіча мы б у крыўду не далі. Але ні страху, ні хвалявання, якія звычайна здараюцца ў людзей, якія ўпершыню прыязджаюць у зону баявых дзеянняў, я ў яго не заўважыў.
Між тым Пазняк сустрэўся не толькі з байцамі на фронце, але і з каліноўцамі, якія праходзяць падрыхтоўку ў навучанні. Начаваў палітык у прыфрантавой зоне, а дакладней - на адным з аб'ектаў, дзе размяшчаюцца беларускія добраахвотнікі. Спаў, як і ўсе, у спальным мяшку на матрацы.
- На бахмуцкай базе яго завялі ў нашу сталовую, пакармілі супам і яшчэ чымсьці, - працягвае Кабанчук. - Яму ўсё спадабалася. Да Зянона Станіслававіча адразу ж прыйшоў гарнізонны кот. Гэтага ката ў нас называюць кот-паліграф, ён ідзе толькі да добрых людзей. Дык вось, пакуль Зянон Станіслававіч не даеў, кот з рук у яго не злез. Хлопцы рэагавалі на палітыка пазітыўна. Было шмат пытанняў, ён адказваў. У нас ёсць частка хлопцаў, якія да яго вельмі добра ставяцца, і людзі з іншымі перакананнямі. Але я глядзеў, як адбываліся сустрэчы. Зянон Пазняк як фігура гістарычнага маштабу ўсім быў цікавы сам па сабе. Ён добры апавядальнік, у яго добрая памяць, ён стаяў ля вытокаў адраджэння незалежнасці Беларусі ў 1990-я. Ён шмат можа расказваць тым хлопцам, якія ў той час яшчэ не нарадзіліся.
- Навошта гэтая паездка была самому палку?
- Гэта трэба не толькі для палка, але і для ўсіх беларусаў. Паездка Зянона Станіслававіча ў Бахмут - сімвалічны крок. Пазняк - адзін з заснавальнікаў незалежнай Беларусі. Тое, што ён наведаў самае гарачае месца Украіны, дзе быў Зяленскі, яшчэ раз паказвае Украіне, што не ўсе беларусы аднолькавыя. Не ўсе падпарадкаваліся дыктатуры, не ўсе падтрымліваюць пуцінскую агрэсію ў стаўенні да Украіны. Гэта маральна-палітычны пасыл. Сінэргія. Гэта ўзнімае пазіцыі як Зянона Станіслававіча, так і палка. І гэта вельмі важна. Асабіста я рады, што ён туды заехаў, хаця мы самі не маглі на гэтым намагаць. Гэта ягоная пастанова.
- Ці разглядаліся нейкія важныя пытанні палітычнага характару?
- Мы абмяркоўвалі пытанні будучыні Беларусі. Разглядалі развіццё некалькіх сцэнараў. Вядома, усё цяпер завязанае на Украіну. Ад таго, як будуць развівацца падзеі на фронце, залежыць будучыня Беларусі.
Полк перш за ўсё - гэта вайсковая структура. Ён выступае ініцыятарам стварэння палітычнага суб'екта, з якім будзе размаўляць Украіна.
Мы бачым, што з нейкіх прычынаў Украіна не размаўляе з астатнім беларускім палітычным спектрам. А нам трэба развязваць пытанні ва Украіне ўжо цяпер. Мы пачалі ў гэта ўключацца.
У будучыні гэтым павінна займацца структура, якая не з'яўляецца вайсковай, а займаецца грамадска-палітычнай дзейнасцю. Так павінна быць у ідэале, але пакуль структуры такой не было, гэтым давялося займацца палку. Я думаю, яна з’явіцца з часам.