Дэзерцір з «Вагнера»: Неахвочых ваяваць расстрэльвалі на вачах у навабранцаў
- 31.01.2023, 11:46
Былы найміт назваў Прыгожына «чортам» і распавёў аб парадках у ПВК.
Байцоў «Вагнера» часта адпраўлялі ў бой без асаблівых указанняў, а стаўленне ПВК да неахвочых ваяваць было бязлітасным.
Пра гэта распавёў былы найміт «Вагнера», камандзір падраздзялення Андрэй Мядзведзеў у эксклюзіўным інтэрв'ю CNN.
Цяпер Мядзведзеў знаходзіцца ў Осла, дзе ён шукае прыстанішча пасля перасячэння расейска-нарвэжскай мяжы.
«Яны збіралі тых, хто не хацеў ваяваць, і расстрэльвалі на вачах у новапрыбылых, - сказаў былы «вагнеравец». Хавалі іх проста ў акопах, якія выкопвалі навічкі.
26-гадовы перабежчык раней служыў у расейскім войску і далучыўся да «Вагнера» як добраахвотнік. Служыў пад Бахмутам. Падпарадкоўваўся непасрэдна заснавальнікам групы - Дзмітрыю Уткіну і расейскаму алігарху Яўгену Прыгожыну.
Ён называе Прыгожына «чортам». «Калі б ён быў расейскім героем, то ўзяў бы зброю і пабег з салдатамі», - мяркуе Мядзведзеў.
Ён адмовіўся каментаваць, што сам нарабіў, ваюючы ва Украіне.
Паводле яго слоў, «Вагнеру» не хапала тактычнага планавання, планы прыдумляліся на хаду.
«Рэальнай тактыкі ўвогуле не было. Мы проста атрымлівалі ўказанні аб тым, дзе знаходзіцца супраціўнік... Не было выразных загадаў, як мы павінны сябе паводзіць. Мы проста планавалі, як будзем дзейнічаць, крок за крокам. Хто будзе адкрываць агонь, якія ў нас будуць змены... А як яно будзе, калі атрымаецца - гэта ўжо нашы праблемы», - распавёў ён.
«Экс-вагнеравец» прызнаўся, што стаў сведкам таго, як салдат ператвараюць у гарматнае мяса.
Спачатку пад ягоным камандаваннем было дзесяць чалавек, але колькасць ягоных падначаленых вырасла, калі да іх пачалі далучацца асуджаныя.
«Я не мог палічыць, колькі іх было. Яны ўвесь час змяняліся. Трупы, яшчэ зняволеныя, больш трупаў, больш зняволеных», - сказаў ён.
Ён дадаў, што хоча падзяліцца сваёй гісторыяй, каб дапамагчы прыцягнуць Прыгожына і прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна да адказнасці.
«Рана ці позна прапаганда ў Расеі перастане працаваць, народ паднімецца, і ўсе нашы лідары... будуць схопленыя, і з'явіцца новы лідар».
Адказваючы на пытанне, ці не баіцца ён, што яго напаткае лёс іншага перабежчыка з «Вагнера», Яўгена Нужына, забітага кувалдай перад камерай, Мядзведзеў сказаў, што смерць Нужына надала яму смеласці і прымусіла сысці.
«Вагнераўцу», паводле ягоных слоў, удалося ўцячы з Расеі, пазбегнуўшы арышту «блізу дзесяці разоў» і ўхіліўшыся ад куль расейскіх сілавікоў. Ён перасек мяжу Нарвэгіі праз возера па лёдзе, выкарыстоўваючы белы камуфляж.
Прыгожын раней пацвердзіў, што Мядзведзеў служыў у ягонай групе, і сказаў, што яго «трэба было б прыцягнуць да адказнасці за жорсткае абыходжанне з асуджанымі».