BE RU EN

Масавыя бунты крымінальнікаў у войску РФ: загараджальныя аддзелы не даюць рады

  • 31.01.2023, 9:02

Афіцэр УСУ расказаў цікавыя факты аб баях за Вуглядар.

Баі за Вуглядар трываюць. Акупанты спрабуюць штурмам узяць места, несучы цяжкія страты. Шпіталі на акупаваных тэрыторыях загачаныя параненымі расейскімі вайскоўцамі, туды нават не пускаюць цывільных для атрымання медыцынскай дапамогі, бо расейцы баяцца дыверсій. Тым часам павялічваецца колькасць дэзерціраў, у тым ліку сярод крымінальнікаў і новамабілізаваных, якія са зброяй у руках уцякаюць на тэрыторыю Расеі. Што цяпер адбываецца на фронце - у эфіры «Апостраф TV» расказаў прэс-афіцэр 112-й брыгады тэрытарыяльнай абароны УСУ Андрэй Кавалёў.

- Ці маеце Вы інфармацыю, што цяпер адбываецца пад Вуглядарам?

- Акупанты цяпер актывізаваліся на Запарожскім кірунку, таксама ў кірунку Вуглядара, але ніякіх поспехаў яны там не маюць. Наадварот, ідучы ў наступ, яны нясуць каласальныя страты. Цяпер шпіталі на акупаваных тэрыторыях загачаныя параненымі расейцамі. Медычных устаноў ужо не стае, таму яны ператвараюць у шпіталі школы, садкі і ПТВ.

Што яшчэ важна, украінцы на акупаваных тэрыторыях не могуць атрымаць медыцынскую дапамогу ў гэтых лякарнях, бо акупанты ім проста забаранілі туды заходзіць. Відавочна, яны баяцца дыверсій. Таксама назіраем, што лекары на акупаваных тэрыторыях не ідуць на супрацоўніцтва з расейцамі, таму ім даводзіцца завозіць сваіх лекараў з Растоўскай вобласці і з акупаванага Крыма.

Таксама мы фіксуем вялікую колькасць дэзерцірства сярод расейскіх акупантаў, у тым ліку на Херсонскім і Запарожскім кірунках. Расейцы цяпер пад выглядам нібыта антыдыверсійных акцый супраць украінскіх дыверсантаў праводзяць ператрусы на акупаваных тэрыторыях, адшукваючы сваіх дэзерціраў. Як знаходзяць, то расстрэльваюць на месцы.

- Раскажыце падрабязней аб дэзерцірстве з боку расейцаў, як яны спрабуюць пакінуць перадавую лінію?

- Фронт спрабуюць пакідаць і крымінальнікі, і новамабілізаваныя. Былі факты, што расейскія крымінальнікі, якія набіраюцца ў шэрагі УС РФ, уцякалі праз Луганшчыну і Данеччыну, пераходзілі бескантрольна мяжу з РФ. У мясцовых Telegram-каналах Белгарадскай або Курскай вобласці часта публікуюць паведамленні або арыентацыі, што паліцыя шукае дэзерціраў, якія проста са зброяй у руках вяртаюцца на тэрыторыю Расеі.

- А расейскія загараджальныя аддзелы не перашкаджаюць такім уцёкам?

- Відавочна, што практыка загараджальных аддзелаў выкарыстоўваецца ў найбольш гарачых мясцінах, асабліва актыўна яе выкарыстоўвае ПВК «Вагнер». І трэба сказаць, што Прыгожын і ягоная ПВК увесь час сябе супрацьпастаўлялі Мінабароны і УС РФ. І вось, калі Пуцін дазволіў Прыгожыну браць у ЧВК расейскіх вязняў, гэтак жа захацелі і ў Мінабароны, і ім дазволілі афіцыйна набіраць крымінальнікаў у шэрагі УС РФ. Таму крымінальнікі цяпер не толькі ў складзе «Вагнера». Расейскае войска нясе вялізныя страты, таму сілы яны папаўняюць, у тым ліку, за кошт крымінальнікаў.

- Ёсць інфармацыя, што ў акупаваную Кірылаўку заехалі беларускія вайскоўцы, якія могуць быць наймітамі ПВК, але дакладна нельга казаць, што гэта рэгулярныя войскі. Аднак яны маюць шаўроны Віцебскай вайсковай часціны. Вам вядома, хто ж туды ўсё ж заехаў?

- Беларусь і далей падтрымлівае расейскую агрэсію, даючы ім вайсковую інфраструктуру, палігоны, аэрадромы ды іншае. Што да беларускіх вайскоўцаў, то пакуль я не маю такой інфармацыі. Але ёсць здагадкі, што ва ўсёй РФ ёсць злучэнні, у тым ліку дэсантныя, якія маюць ганаровую назву «Віцебская». Магчыма, прачытаўшы назву «Віцебск» на шаўронах, маглі падумаць пра Беларусь. Але хачу нагадаць, што вельмі шмат злучэнняў усёй Расеі носяць ганаровыя назвы, атрыманыя яшчэ за часам Другой сусветнай вайны, і ў іх там ёсць і «Кіеўская» брыгада, і «Віцебская» брыгада ды іншыя.

Проста, калі б туды сапраўды маглі прыехаць вайскоўцы з Беларусі, яны, напэўна, знялі б свае шаўроны. Пры тым, што расейцы яшчэ ў баях за Кіеў актыўна выкарыстоўвалі свае нашыўкі, а ўжо цяпер іх здымаюць і хаваюць сваю прыналежнасць да нейкай часціны. Гэта робіцца, каб пры ўзяцці ў палон іх было цяжэй ідэнтыфікаваць.

- Наколькі моцна расейцы цяпер ціснуць на Вуглядар, якія рэсурсы перакідваюць туды?

- Акупанты актыўна абстрэльваюць места і вядуць наступ, несучы вялікія страты. Вось толькі пад Бахмутам Расея забітымі паклала сваіх жаўнераў больш, чым за дзве чачэнскія войны. І тут вядуцца цяжкія баі, але Вуглядар стаіць, расейцам не ўдаецца ўзяць яго.

Акупанты ж пільнуюцца сваёй тактыкі - раўняць ўкраінскія месты з зямлёй, руйнуючы дамы. Тое, што расейцы рабілі ў Сірыі, цяпер робяць ва Украіне.

Апошнія навіны