Беларуска сцвярджае, што сфатаграфавала «чупакабру»
- 27.01.2023, 17:54
Жанчына доўга адыходзіла ад убачанага.
Жанчына са Смаргонскага раёна сцвярджае, што сфатаграфавала «чупакабру».
«Спачатку мне падалося, што гэта рысь, потым леапард. Як жывёліна падышла бліжэй да дома - падумала, што ліса. А як прысела - кенгуру! – расказвае жанчына сваю гісторыю выданню «Светлы шлях».
«Спераду худая, але зад масіўны. Нос востры, даўгаваты, не такі, як у рысі ці леапарда. Увесь у нейкіх ружовых плямах, амаль голы, толькі зрэдку поўсць уздыбленая. Падышла яна да нашай хаты даволі блізка, ад паркана - на метры два. Спакойна так прайшла, нібы на шпацыры. Я так спалохалася, так усхвалявалася, пачала на тэлефон фатаграфаваць. Потым доўга адыходзіла ад убачанага. І сёння супакоіцца не магу: іду, аглядаюся, каб не накінуўся на мяне гэты звер», - распавяла жанчына.
Ірына адзначыла, што чула пра «чупакабру», але ніколі яе не бачыла. Як знайшла фатаграфію ў інтэрнэце, адразу заявіла: «Вельмі падобны звер!».
Варта адзначыць, што «чупакабру» перыядычна бачаць у розных рэгіёнах Беларусі. Так жыхары адной з вёсак у наваколлях Гародні мінулым летам паскардзіліся на невядомага звера.