BE RU EN

ГУР: У Расеі ўзнікла сур'ёзная праблема з малодшымі камандзірамі

  • 27.01.2023, 12:31

Палявыя падраздзяленні войска РФ «абезгалоўленыя».

Расея мае сур'ёзныя праблемы з камандзірамі на ўзроўні ўзвода ці роты. У перадавых падраздзяленнях акупацыйных войскаў не стае блізу 40 адсоткаў малодшых камандзіраў.

Пра гэта ў каментары РБК-Украіна паведаміў прадстаўнік ГУР МА Украіны Андрэй Чарняк.

Паводле ягоных слоў, нястача назіраецца ў варожых падраздзяленнях, якія ваююць у Данецкай і Луганскай абласцях.

«Расейская Федэрацыя будзе працягваць наступальныя дзеянні, таму што яна не дасягнула сваёй асноўнай мэты - поўнай акупацыі Данецкай і Луганскай абласцей. І менавіта ў падраздзяленнях, якія знаходзяцца там, мы назіраем, што акупанты маюць сур'ёзныя праблемы з камандзірамі на ўзроўні ўзвода або роты. Тыя, што стаяць на першай лініі, не хочуць ваяваць, ісці ў наступ, шмат хто хоча сябе пакалечыць, каб вярнуцца на тэрыторыю Расеі і ўжо не ваяваць. Большасць не плануе працягваць кантракт, але іх ніхто не пытаецца», - сказаў суразмоўца.

Менавіта таму, дадаў Чарняк, мабілізаваныя расейцы часта адпраўляюцца на штурмавыя дзеянні без камандавання і належнага ўзаемадзеяння паміж групамі. Яны могуць мець нязначныя тактычныя поспехі, але гінуць сотнямі і на іх месца дасылаюць новае «гарматнае мяса», удакладніў прадстаўнік вайсковай выведкі Украіны.

Таксама, паводле ягоных слоў, праблемы з кіраўніцтвам у расейскім войску ёсць і на больш высокіх узроўнях.

«Мы ўжо бачылі і працягваем назіраць частую замену генералаў і камандзіраў рознага ўзроўню, якім так і не ўдалося выканаць пастаўленыя задачы. Мабыць, гэта іх апошні шанц выправіць сітуацыю і хаця б часткова дасягнуць мэт. Таму, паводле нашых ацэнак, кадравыя праблемы з камандным складам расейцаў з кожным днём будуць толькі павялічвацца», - рэзюмаваў Чарняк.

Апошнія навіны