BE RU EN

Экспэрт: Пуцін можа аддаць шалёны загад і атакаваць Украіну з Беларусі

  • 13.01.2023, 20:38

Сітуацыя можа змяніцца за 2-3 тыдні.

Расея працягвае засяроджваць свае сілы ў Беларусі. У чацвер, 12 студзеня, у Беларусь прыбыла камісія Мінабароны Расеі, каб праверыць свае войскі.

Пра гэта «24 каналу» распавёў кіраўнік Цэнтра вайсковых-прававых даследаванняў Украіны Аляксандр Мусіенка. Паводле ягоных слоў, нельга выключаць магчымасць новага наступу на Украіну з поўначы.

У той жа час на сённяшні дзень на беларускім кірунку няма прыкмет таго, што новае ўварванне адбудзецца найбліжэйшым часам.

- Пакуль не відаць засяроджвання вялікай колькасці расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Але рэч у тым, што сітуацыя можа змяніцца. За 2-3 тыдні там можа з'явіцца большая колькасць мабілізаваных і расейскай тэхнікі, - сказаў ваенны аглядальнік.

Паводле слоў Мусіенкі, Украіна разумее пагрозу і рыхтуецца да магчымых атак ворага з беларускага кірунку. Бо калі зараз у Беларусі няма канцэнтрацыі расейскіх войскаў, дастатковай для наступу, пагроза нікуды не знікае.

Як адзначыў кіраўнік Цэнтра ваенна-прававых даследаванняў, многія дыктатары, якія знаходзіліся ў стане вайны і былі ёю апантаныя, даволі часта рабілі ірацыянальныя рэчы. Наступалі на тых кірунках, дзе, здавалася б, гэта рабіць увогуле бессэнсоўна.

- Пуцін - зусім такі дыктатар. Ён апантаны агрэсіяй, вайной і нянавісцю да Украіны. Ён проста бачыць гэтую мэту перад сабой. Таму нельга выключаць, што ён аддасць шалёны загад і паспрабуе атакаваць з беларускага кірунку, - адзначыў Мусіенка.

Ён дадаў, што расейскі дыктатар, а таксама Лукашэнка, сваімі манеўрамі спрабуюць трымаць у напружанні не толькі Украіну.

Ваенны аглядальнік нагадаў, што з 16 студзеня ў Беларусі пачнуцца авіяцыйныя вучэнні, якія будуць праходзіць таксама ў раёне Берасця - блізка да мяжы з Польшчай.

- Не варта забываць, што Пуцін, акрамя знішчэння ўкраінскай дзяржаўнасці, таксама хоча прамых перамоў з ЗША і еўрапейскімі краінамі аб лёсе Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Расея разглядала гэтыя тэрыторыі як зону сваіх інтарэсаў і вядзе барацьбу за гэта, - сказаў Мусіенка.

Ён дадаў, што нездарма прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустрэўся з прэзідэнтамі Літвы і Польшчы 11 студзеня ў Львове. На думку Мусіенкі, гэтая сустрэча прадэманстравала, што патэнцыйныя пагрозы ад дзеянняў шалёнага дыктатара існуюць не толькі для Украіны, а таксама закранаюць краіны NАТО, сярод іншага Польшчу і Літву.

- Расея будзе захоўваць пляцоўку ў Беларусі для таго, каб ціснуць не толькі на Украіну, але і на Польшчу і Літву. Так будзе да таго часу, пакуль беларускі народ не паўстане і не зменіць сітуацыю, - сказаў ваенны аглядальнік.

Апошнія навіны