Гандаль і грамадскае харчаванне пакінулі без ільгот
- 13.01.2023, 17:50
Прэферэнцыйны падатковы рэжым для іх дзейнічаў з 1 студзеня 2018 года.
Бізнэсу ў галіне гандлю і грамадскага харчавання, які працуе ў сельскай мясцовасці, не падоўжылі льготы. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства падаткаў і збораў.
З 1 студзеня 2023 года ў Беларусі скасавалі некаторыя льготы, прадугледжаныя ва ўказе «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання». Гэтыя льготы закраналі ІП і кампаніі, якія працавалі ў гандлі і грамадскім харчаванні ў сельскай мясцовасці і на тэрыторыі малых гарадскіх паселішчаў.
Прэферэнцыйны падатковы рэжым для іх дзейнічаў з 1 студзеня 2018 года да 31 снежня 2022 года.
У гэты перыяд для іх абароты па рэалізацыі тавараў у сельскай мясцовасці вызваляліся ад падатку на дададзеную вартасць, на нерухомую маёмасць, зямельнага падатку, арэнднай платы за зямельныя надзелы, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці. Падатак на прыбытак быў у суме 6 адсоткаў.