BE RU EN

Пад Бахмутам загінулі чатыры расейскія крымінальныя аўтарытэты

  • 13.01.2023, 15:54

Цяпер іх хочуць пахаваць на Алеях Славы.

Пад Бахмутам загінулі ўжо чатыры расейскія крымінальныя аўтарытэты, выпушчаныя з зон. Лідараў АЗГ хаваюць як герояў на Алеях Славы, а ацалелых змоўшчыкаў могуць дэлегаваць у Дзярждуму РФ, піша Telegram-канал «Можам растлумачыць».

У студзені прыйшло паведамленне аб гібелі лідара пензенскай АЗГ «Алімпія» Сяргея Максіменкі па мянушцы «Макс». Ён праславіўся ў Пензе тым, што пад яго кіраўніцтвам бандыты сачылі за мясцовымі паліцыянтамі і ўчынілі замах на аднаго з іх. У 2014 годзе Максіменка пайшоў на супрацоўніцтва са следствам і атрымаў 25 гадоў калоніі.

У пачатку года стала вядома і пра гібель у складзе ПВК «Вагнера» лідара саратаўскіх кілераў Андрэя Беражных, якога ў 2012 годзе таксама пасадзілі на 25 гадоў. Ён карыстаўся гранатамётам яшчэ ў мірным жыцці - з яго ён расстраляў офіс мясцовага тэлеканала, гэта лягло ў аснову абвінавачання.

Паводле версіі канала «ВЧК-ОГПУ» расейскаму крыміналітэту дазволіў уступаць у ПВК «Вагнера» злодзей у законе Шакра Малады (Захар Калашоў). Такое супрацоўніцтва з уладамі не ўважаецца за парушэнне «паняццяў».

Увосень загінулі яшчэ як мінімум два «аўтарытэты». У верасні ў Татарстане на Алеі Славы пахавалі загінулага пад Бахмутам былога лідара мясцовай АЗГ Ігара Куска. У Ніжнекамску «кускоўскія» бандыты запомніліся забойствам двух дырэктараў будаўнічай фірмы «Татсантэхмантаж».

Алег «Калабок» Дзарахохаў быў кілерам у асецінскай бандзе «Джако». У 2016 годзе ён атрымаў тэрмін 19 гадоў, а ў лістападзе 2022 года загінуў пад Бахмутам. Расейскі вайсковы карэспандэнт Ярэм прыпісаў Дзарахохаву подзвігі ў баях за вёску Азаранаўку. У Паўночнай Асеціі банда «Джако» ўчыніла як мінімум шэсць забойстваў, у тым ліку пракурора.

Апошнія навіны