BE RU EN

Расейцы з рыдлёўкамі зладзілі істэрыку праз вайсковую дапамогу Украіне

  • 13.01.2023, 15:34

І збіраюцца на яе «паляваць».

У чарговыя пакеты заходняй дапамогі Украіне былі ўключаныя востра неабходныя УСУ тыпы вайсковай тэхнікі, што выклікала панічныя настроі ў расейцаў. У РФ нават абвясцілі «паляванне» з прызавым фондам на новае ўзбраенне, якім украінцы гатовыя «раскатаць» акупантаў, а ў сацсетках посцяць інструкцыі, як для гэтага выкарыстоўваць падручныя сродкі – прычым, расейцы рыхтуюць нават рыдлёўкі, піша obozrevatel.com.

Беспрэцэдэнтная дапамога

Пастаўкі ўзбраення ідуць ва Украіну па нарастаючай, а навіны аб гэтым сапраўды натхняюць. Злучаныя Штаты абвясцілі аб перадачы 50 баявых машын пяхоты M2 Bradley, Нямеччына - аб намеры адправіць БМП Marder, а Францыя рыхтуе Украіне колавыя бронеаўтамабілі AMX-10RC, якія называюць лёгкімі танкамі.

Акрамя гэтага, Нямеччына і ЗША адправяць ва Украіну сістэмы супрацьпаветранай абароны Patriot. Таксама прыбудуць самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі М109 Paladin і буксаваная артылерыя.

Дарэчы, амерыканскія і нямецкія БМП - грозная сіла на полі бою. Так, падчас ірацкай кампаніі менавіта Bradley пры дапамозе ўсталяваных на іх супрацьтанкавых кіраваных ракет (ПТУР) знішчылі больш бронетэхнікі ворага, чым звычайныя танкавыя злучэнні.

Украіна працягвае атрымліваць ад хаўруснікаў і мадэрнізаваныя савецкія танкі Т-55 і Т-72, а цяпер размова зайшла ўжо і аб тэхніцы заходняй вытворчасці. Брытанія разглядае перадачу УСУ Challenger-2, а Польшча ўжо заявіла аб тым, што перадасць Украіне блізу паўтара дзясятка танкаў Leopard.

Фактычна гэтым Захад даў Расеі сігнал аб пераходзе на іншы ўзровень дапамогі Украіне - што, вядома, не можа не радаваць.

Страх і вільготныя фантазіі

Тое, што акупанты баяцца заходняга ўзбраення, якое ў рамках дапамогі плынню ідзе ва Украіну, вядома даўно. Чаго толькі вартая эпапея з HIMARS, якія зладзілі расейцам сапраўдны кашмар: высокамабільныя ракетныя комплексы з ювелірнай дакладнасцю знішчаюць як склады са зброяй акупацыйнага войска, так і непасрэдна асабовы склад.

Яскравы прыклад гэтаму - сотні загінулых акупантаў, якіх уласнае камандаванне ўдала сагнала ў будынак макееўскага ПТВ. Мінабароны РФ дагэтуль замоўчвае маштаб страт, а сваякі большасці акупантаў, якія знаходзіліся там, нічога пра іх не ведаюць.

Дарэчы, аб «знішчэнні HIMARS» расейцы даюць справаздачу ледзь не штодня, аднак вынік у наяўнасці: комплексы працягваюць эфектыўна працаваць на фронце.

А 12 студзеня ў расейскім сегменце Telegram разляцелася відэа з прадстаўніком расейскага мінабароны аб знішчэнні чатырох БМП Bradley. Самае пацешнае тое, што аб такім «факце» Канашэнкаў заявіў яшчэ ў верасні, калі Bradley, як гаворыцца, і ў «праекце» не было. Што чарговым разам паказала, як ганьбіцца расейскае міністэрства заявамі аб няісных поспехах.

NATO каля межаў

«Фактычна да канца канфлікту УСУ будуць цалкам узброеныя натаўскай зброяй, будуць умець ёй кіраваць і галоўнае - ужываць у рэальным баявым становішчы», - піша расейскі аналітык Эль Мюрыд.

На яго думку, у такім выпадку прымуць Украіну ў NATO ці не - пытанне абсалютна неістотнае. «Па факце NATO будзе за 400 км ад Масквы. Геніяльны план Архістратыга выдаліць NATO на межы 1997 года атрымаўся цалкам. З дакладнасцю да наадварот», - іранічна адзначыў ён.

Пра тое, што заходняе ўзбраенне можа сур'ёзна паўплываць на ход вайны, цудоўна разумеюць і акупанты. І гэта іх не проста турбуе, а выклікае сапраўдную істэрыку. І выснова, што «з такой зброяй Украіна ўжо ў NATO» - самая нявінная.

Дайшлі да таго, што абвясцілі «паляванне» на новыя пастаўкі тэхнікі і зброі Украіне, прычым Z-прапагандысты падрыхтавалі падрабязныя інструкцыі для знішчэння падручнымі сродкамі: у ход пойдуць нават рыдлёўкі - і гэта не жарт.

Праз адсутнасць рэальных перамог расейскім акупантам даводзіцца марыць хаця б пра такія, аднак сітуацыю на фронце гэта не зменіць.

Пводле інфармацыі Генеральнага штаба УСУ, з пачатку поўнамаштабнага ўварвання на тэрыторыі Украіны былі ліквідаваныя 114 130 расейскіх акупантаў (за апошні дзень - 740) - што ўжо казаць аб узбраенні. Так што намер расейцаў выкарыстоўваць падручныя сродкі для «нейтралізацыі» знішчальнікаў ці танкаў суцэль вытлумачальны. Гэта акурат узровень «другога войска свету».

Апошнія навіны