«Расейцы заўсёды ходзяць вялікай кампаніяй, правакуюць бойкі»
- 13.01.2023, 18:55
Расейскія вайскоўцы з'явіліся ці ледзь не ва ўсіх гарадах Беларусі.
У Беларусі ўсё больш адчуваецца прысутнасць расейскіх вайскоўцаў. Калі яшчэ летась вайскоўцаў РФ заўважалі ў Віцебску, Гомелі ці ў гарадах каля буйных палігонаў, то цяпер чытачы «Белсату» кажуць, што бачаць іх ледзь не ў кожным горадзе.
Найбольш адчувальная прысутнасць расейскіх вайскоўцаў на трасе М1. Усё часцей беларусы заўважаюць вайсковыя аўтамабілі з расейскімі нумарамі на аўтадарозе ў бок Берасця. Доўгія калоны з дзясяткаў грузавых КамАЗаў і «Уралаў» сталі даволі частай з'явай, а 12 студзеня чытачы «Белсата» ўбачылі і легкавыя аўтамабілі з літарамі «Z».
«Даволі вялікая калона расейскай вайсковай тэхнікі накіроўвалася ў бок Берасця. Цікава, што калону суправаджалі спецаўтамабілі з беларускімі нумарамі. У калоне акрамя грузавікоў было каля дзясятка Toyota Hilux. Усе гэтыя аўтамабілі былі ўвогуле без нумарных знакаў. Яны былі адметныя праз вялізныя літары «Z». У гэтых машынах былі моцныя барадатыя мужчыны ў вайсковай форме. Усе бакавыя вокны аўтамабіляў былі завешаныя фіранкамі», - распавядае чытач «Белсату».
На думку суразмоўцы тэлеканала, вайскоўцы прадстаўлялі не рэгулярнае войска, а прыватную вайсковую кампанію, але чаму ў яго склалася такое ўражанне, ён не патлумачыў.
Даволі часта вайскоўцаў у расейскай форме бачаць жыхары Бярозы, Пружан, Івацэвічаў, Баранавічаў, Кобрына, Берасця, Гомеля, Віцебска. Людзі кажуць, што паблізу гэтых гарадоў знаходзяцца вайсковыя палігоны, якія практычна запоўненыя расейскімі вайскоўцамі. Салдаты жывуць у казармах, а вось афіцэрам здымаюць жыллё. У выніку кошты арэнды кватэр у гэтых гарадах даволі істотна выраслі. Калі раней можна было зняць кватэру без праблем, то цяпер гэта немагчыма.
«Расейцы плацяць даволі добра. Яны тлумачаць, што нібыта прыехалі ў камандзіроўку. Відаць, што ў іх дастаткова шмат грошай, і яны не таргуюцца і плацяць заяўленую суму за арэнду жылля. Часам да іх прыязджаюць родныя з Расеі», - кажа чытач «Белсату» з Берасцейскай вобласці.
Даволі часта заўважаюць расейскіх вайскоўцаў у беларускіх крамах. Мясцовыя жыхары гавораць, што салдаты прыязджаюць у крамы рэгулярна і набываюць выключна алкаголь. Відаць, іх добра кормяць, бо прадуктаў яны амаль не набываюць. Адзін з нашых чытачоў распавёў, што бачыў, як расейскія вайскоўцы аплачвалі чэк на 2 тысячы рублёў, і акрамя алкаголю, іншых тавараў у ім не было. Яшчэ адзін чытач гаварыў аб суме, крыху большай за тысячу, і гэта таксама быў пераважна алкаголь.
Час ад часу ўзнікаюць і канфлікты паміж расейскімі вайскоўцамі і мясцовымі жыхарамі. Так, яшчэ адзін чытач «Белсату» кажа, што сутычка адбылася ў вайсковым мястэчку Вулька, які знаходзіцца паміж Баранавічамі і Івацэвічамі. Расейцы збілі тамтэйшых вяскоўцаў.
«Яны ж ходзяць заўжды вялікай кампаніяй. Нешта камусьці не спадабалася і ўзнікла бойка. Вяскоўцы пацярпелі. Але гэтую справу хуценька замялі, каб яе не абвяшчаць», – кажа наш чытач.
Са звестак нашых чытачоў, расейскія войскі ўжо занялі фактычна ўсе вайсковыя палігоны ва ўсіх абласцях Беларусі. Раней прадстаўнікі УСУ прыводзілі інфармацыю, што ў нашай краіне можа быць блізу 9 тысяч салдат войска РФ. На падлікі «Белсату», гэтая колькасць ужо можа быць на 2 тысячы большая.