На палітвязня Уладзіміра Мацкевіча ціснуць у калоніі
- 13.01.2023, 14:13
Сваякі апасаюцца за стан яго здароўя.
Адміністрацыя Шклоўскай папраўчай калоніі №17 зладзіла блакаду палітвязню, філосафу і метадолагу Уладзіміру Мацкевічу. Больш за два тыдні да яго не пускаюць адваката, доўгі час блакуецца перапіска, асуджаны пазбаўлены законных тэлефонных званкоў.
Сваякам палітвязня адміністрацыя не дае ніякай інфармацыі, праз што немагчыма нават перадаць неабходныя лекі.
Мацкевіч – вядомы беларускі навуковец, тэлевядоўца, грамадскі і палітычны дзеяч. Супрацоўнікі КДБ затрымалі яго 4 жніўня 2021 года. Неўзабаве шэраг міжнародных праваабарончых арганізацый, сярод якіх Беларускі Хельсінскі камітэт, прызналі яго палітвязнем.
З 4 да 16 лютага мінулага года 65-гадовы Уладзімір Мацкевіч трымаў галадоўку з патрабаваннем змяніць меру стрымання на падпіску аб нявыездзе, скончыць следчыя дзеянні і прызначыць суд. Толькі пасля імклівага пагаршэння стану здароўя ён спыніў галадоўку.
У чэрвені 2022 года Менскі абласны суд прысудзіў філосафа да 5 гадоў узмоцненага рэжыму. Мацкевіча абвінавацілі ў грубым парушэнні парадку, абразе Лукашэнкі і кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем.
12 кастрычніка стала вядома, што грамадскі дзеяч з СІЗА этапаваны ў Шклоўскую ВК-17. Праз два месяцы сувязь з ім фактычна перарвалася.
Сваякі асцерагаюцца за стан ягонага здароўя, улічваючы, што менавіта ў Шклоўскай ВК-17 раней загінуў палітвязняў Вітольд Ашурак.