У Расеі шматдзетным бацькам скасавалі адтэрміноўку ад мабілізацыі
- 13.01.2023, 12:43
Дакумент за подпісам начальніка Генштаба РФ накіравалі ў вайсковыя камісарыяты.
У Расеі скасавалі адтэрміноўку ад мабілізацыі для шматдзетных бацькаў. Дакумент накіравалі ў вайсковыя камісарыяты яшчэ ў канцы снежня, яго падпісаў начальнік Генштаба РФ Валерый Герасімаў.
Пра гэта паведаміла ў Telegram дэпутат расейскай Дзярждумы Ніна Астаніна.
Як патлумачыла Астаніна, такую інфармацыю яна атрымала ад сябра РПЧ (Рады правоў чалавека) Ірыны Кіркоры.
«На жаль, Ірына Валер'еўна пацвердзіла вашыя асцярогі, дарагія мае сябры-падпісчыкі, аб скасаванні пункта Дырэктывы Генштаба ад 4.10.2022г. аб адтэрміноўках пры правядзенні частковай мабілізацыі бацькоў шматдзетных сем'яў з трыма дзецьмі. Адпаведны дакумент, паводле слоў І.В. Кіркоры, быў накіраваны ў вайсковыя камісарыяты ў канцы снежня мінулага года за подпісам цяпер ужо былога Начальніка Генштаба В. Герасімава і знайшоў пацвярджэнне ў яе размове з прадстаўніком Генштаба», - напісала Астаніна.
Дэпутат Дзярждумы, верагодна, удаючы «занепакоенасцю», таксама піша аб неабходнасці "тлумачэння" такіх пастаноў.
«Той факт, што частковая мабілізацыя закончаная, азначае, што набіраць бацькоў з трыма дзецьмі не будуць. Відавочна, дакумент выдадзены таму, што вяртаць тых, хто ўжо знаходзіцца ў зоне СВА, вельмі цяжка. Але гэта таксама можна і трэба было растлумачыць! - дадала Астаніна.
Адметна тое, што аб скасаванні адтэрміноўкі для шматдзетных бацькоў пісалі расейскія СМІ са спасылкай на так званага вайсковага камісара Забайкальскага краю Юрыя Шувалава.
Тады ён паведаміў, што гэтая падстава для адтэрміноўкі, прапісаная ў дакуменце ад 4 кастрычніка, была скасаваная пастановай начальніка Генштаба РФ 21 снежня.
Адзначым, што раней у Расеі бацькі траіх і больш дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў атрымлівалі адтэрміноўку ад мабілізацыі, але, як бачым, на фоне заяў «страт няма» і «ўсё паводле плану» на вайну будуць забіраць ужо і шматдзетных.