Украінская выведка раскрыла планы Крамля аб мабілізацыі
- 13.01.2023, 11:36
Стала вядома, колькіх расейцаў адправяць у войска ў найбліжэйшыя дні.
З ацэнак ваеннай выведкі Украіны, Расея спрабуе стварыць узброеныя сілы колькасцю 2 мільёны чалавек.
Пра гэта паведамляе Галоўная ўправа выведкі Мінабароны Украіны.
«Падчас першай хвалі мабілізацыі ва УС РФ было набрана 300 тысяч чалавек. Пасля непрацяглай падрыхтоўкі мабілізаваных накіроўваюць у зону вядзення баявых дзеянняў ва Украіне. Ваенная выведка Украіны не выключае, што кіраўніцтва Расеі ў найбліжэйшыя дні абвесціць аб правядзенні чарговай хвалі мабілізацыі. Ва УС РФ патрапяць яшчэ 500 тысяч расейцаў, што дазволіць краіне-тэрарыстцы стварыць стратэгічныя рэзервы», - гаворыцца ў паведамленні.
Са звестак ГУР МА, у Расеі рыхтуюцца да чарговай хвалі мабілізацыі, на заканадаўчым узроўні ўносяцца змены ў законы РФ, якія рэгламентуюць правядзенне мабілізацыі. Таксама ідзе актыўная падрыхтоўка навучальных цэнтраў.
«Паводле ацэнак вайсковай выведкі Украіны, маштаб мабілізацыйных мерапрыемстваў, якія праводзяцца краінай-агрэсаркай, сведчыць аб планах яе кіраўніцтва стварыць войскі колькасцю блізу двух мільёнаў чалавек», - дадалі ў Галоўнай управе выведкі.