«Паддывановая барацьба вылезла вонкі»: чаму Суравікіна замянілі на Герасімава
- 12.01.2023, 16:18
Вайсковы экспэрт распавёў, што стаіць за «генеральскай ракіроўкай».
11 студзеня кіраўнік Мінабароны РФ Сяргей Шайгу прызначыў кіраўніка Генштаба РФ Валерыя Герасімава камандуючым аб'яднанай групоўкай войскаў ва Украіне. Генерал Сяргей Суравікін, які раней займаў гэтую пасаду, цяпер толькі намеснік Герасімава.
З чым звязаная гэтая генеральская ракіроўка Пуціна? Сайт Charter97.org пагаварыў на гэтую тэму з судырэктарам праграм замежнай палітыкі і міжнароднай бяспекі Цэнтра Разумкова, першым памочнікам міністра абароны Украіны (2005-2008), вайсковым экспэртам Аляксеем Мельнікам.
- Відавочна, што гэта чарговая спроба Пуціна нейкім чынам выправіць становішча, бо нават яму становіцца зразумела, што кампанія набліжаецца да правалу. Напярэдадні гадавіны ўварвання Пуціну трэба паказаць расейцам хоць нейкія вынікі.
Другі момант, як адзначаюць многія расейскія аглядальнікі, паддывановая барацьба паміж рознымі групоўкамі ўжо вылезла вонкі. У гэты момант Пуцін пастанавіў змяніць баланс і наблізіць да сябе афіцыйнае кіраўніцтва Узброеных сіл.
З аднаго боку, гэта правалы і адсутнасць усякіх поспехаў, у тым ліку - у нефармальнай групоўкі Прыгожына. З іншага боку, гэта ўнутраныя разборкі. Калі паспрабаваць сабе ўявіць, як гэта ўсё адбывалася, то хутчэй за ўсё Герасімаў і Шайгу спрабавалі чарговым разам апраўдацца перад Пуціным, зваліць на кагосьці віну. Пуцін, напэўна, сказаў Герасімаву: «Давай, ідзі сам кіруй». Гэта маё ўяўленне, як гэта магло адбывацца.
- Ці можа гэта казаць аб правале тактыкі бамбаванняў інфраструктуры, якая была прынятаяя на ўзбраенне з прыходам Суравікіна?
- Асабіста я не бачу гэта як замену, бо камандная вертыкальная іерархія захавалася. Акрамя таго, што Герасімаў начальнік Генеральнага штаба, ён яшчэ і галоўнакамандуючы Узброеных сіл. Cуравікін усё адно быў у яго падпарадкаванні. У гэтай сітуацыі можна прывесці аналогію, калі начальнік у нейкі момант бачыць, што ягоны падначалены не спраўляецца, а потым кажа: «Давай я». Але гэта ўсё адно не гаворыць аб тым, што Суравікіна вызвалілі ад гэтых абавязкаў.
Ёсць, вядома, адзін момант, які мяняе гэтую сітуацыю. Герасімаў, пакуль яму не прыпісалі яшчэ адну пасаду камандуючага аперацыяй, адказваў адначасова за ўвесь спектр задач і функцый, якія ўскладаліся на Генеральны штаб. Гэта і сірыйская аперацыя, і пытанні падрыхтоўкі Узброеных сіл, кіраванне, планаванне, у тым ліку - і гэтая «спецыяльная аперацыя». Цяпер яму гэтую «адмысловую аперацыю» проста вывелі з пераліку ўсіх яго абавязкаў і паставілі не проста на першае месца, а асобна. Калі раней Герасімаў мог дазволіць сабе чагосьці не зрабіць ці своечасова не рэагаваць (я не кажу, што ён нейкім чынам перашкаджаў камандуючаму ці не даваў яму свабоды дзеяння), то цяпер ён нясе наўпроставую адказнасць.
Калі мы гаворым пра «заслугі» Суравікіна, то гэтыя ўдары планаваліся і да таго. Ці наўрад у яго была такая воля дзеянняў, што ён без узгаднення з Герасімавым мог запускаць ракеты, асабліва якія ўжо браліся з недатыкальнага запасу. У кожным выпадку Герасімаў у гэтым удзельнічаў, але ў яго была да гэтага моманту магчымасць у выпадку няўдачы нейкім чынам падставіць Суравікіна. Цяпер ён наўпрост будзе адказваць перад Пуціным.
- Герасімава актыўна крытыкаваў кіраўнік ПВК «Вагнера» Прыгожын, не так даўно штаб Наземных войскаў УС РФ узначаліў Лапін, які таксама зазнаваў крытыку Прыгожына. У Крамлі наважыліся паставіць на месца кіраўніка ПВК «Вагнера»?
- Увогуле, гэта відавочныя рэчы. Прыгожын у нейкі момант зарваўся, а яму паказалі, што нягледзячы на нейкія ўнутраныя супярэчнасці, не варта ісці супраць сістэмы.