У Гародні п'яная дзяўчына напала на аўтамабіль таксі
- 15.09.2022, 10:59
Яна падумала, што яе аўто занялі іншыя пасажыры.
Днямі ў Гародні адбыўся дзіўны інцыдэнт, якога магло не быць увогуле. Спадарыні здалося, што кіроўца таксі ўзяў іншых пасажыраў і за гэта яна стала нішчыць яго аўто.
Усё адбылося раніцай каля бара па вуліцы Горкага. Кіроўцу таксі давялося выклікаць міліцыю, каб уціхамірыць раз'юшаную патэнцыйную пасажырку.
Высветлілася, спадарыня выклікала таксі, а калі аўто прыехала і яе кіроўца яшчэ не паспеў высадзіць іншых пасажыраў, маладая асоба чамусьці падумала, што яе апярэдзілі - занялі аўто.
- Гарадзенка раз’юшылася: на падвышаных тонах з выкарыстаннем лаянкі стала абурацца, паводзіць сябе абуральна, накіравалася да аўто і некалькі разоў ударыла па ім. Нанесеная шкода ўладальніку склала больш за 400 беларускіх рублёў, - расказалі ў Гарадзенскай абласной управе Дэпартамента аховы.
На 25-гадовую затрыманую распачалі крымінальную справу за хуліганства.