BE RU EN

Украіна пачынае масавую канфіскацыю расейскіх актываў

  • 5.08.2022, 20:08

Прапануецца канфіскацыя 903 аб'ектаў.

Урад Украіны зацвердзіў указ прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага аб канфіскацыі больш як 900 аб'ектаў расейскай уласнасці ў краіне. Пра гэта гаворыцца на сайце ўкраінскага кабміна.

«Прапануецца канфіскацыя 903 аб'ектаў, якія належаць менавіта расейскай дзяржаве. 79 пазіцый – гэта карпаратыўныя правы, 824 пазіцыі – маёмасць», – заявіў прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль.

Ён растлумачыў, што ўсю расейскую маёмасць, якую ўкраінскія ўлады плануюць канфіскаваць, умоўна падзялілі на тры катэгорыі: належаць дзяржаве РФ, належаць грамадзянам і расейскім кампаніям, што трапілі пад санкцыі, а таксама актывы расейскіх банкаў.

Яшчэ ў сакавіку Рада нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА) атрымаў права прымусова нацыяналізаваць уласнасць расейскіх юрыдычных асобаў (рухомую і нерухомую маёмасць, уклады ў банках, каштоўныя паперы) ва Украіне без выплаты кампенсацый. У траўні дзеянне закона пашырылі на:

грамадзянаў Расеі;

асобаў, якія цесна звязаныя з Расеяй, напрыклад якія жывуць там або займаюцца асноўнай дзейнасцю;

кампаніі, якія працуюць ва Украіне і бенефіцыярам якіх з'яўляецца Расея ці ў якіх яна проста ці ўскосна валодае часткай у капітале.

Ужыць такі захад планавалі толькі ў перыяд рэжыму ваеннага становішча. Канфіскацыя пагражае тым, чые дзеянні «стварылі істотную пагрозу нацыянальнай бяспецы, суверэнітэту або тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, а таксама ў значнай ступені спрыялі такім дзеянням».

У сваю чаргу Еўразвяз да ліпеня замарозіў €13,8 млрд, якія належаць расейскім алігархам, аднак юрыдычна гэтыя грошы канфіскаваць пакуль немагчыма. Таму ЕЗ рыхтуе спецыяльную дырэктыву. Згодна з дакументам, ухіленне ад санкцый будзе ўважацца за крымінальнае злачынства. Гэта дазволіць запускаць суды ў канфіскацыі актываў. Еўракамісія таксама рыхтуе прававую базу, з дапамогай якой можна будзе перадаць замарожаныя расейскія актывы на аднаўленне Украіны. Украінскія ўлады заявілі, што аднаўленне разбуранай вайной краіны абыдзецца на $ 750 млрд.

Апошнія навіны