Трэці за лета навуковец-фізік з Новасібірска арыштаваны за дзяржзраду
- 5.08.2022, 19:54
АЛЯКСАНДР ШЫПЛЮК Аляксандр Шыплюк загадвае лабараторыяй нумар 5 «Гіпергукавыя тэхналогіі».
Дырэктар Інстытута тэарэтычнай і прыкладной механікі (ІТПМ) Сібірскага аддзялення Расейскай акадэміі навук (СА РАН) Аляксандр Шыплюк арыштаваны паводле абвінавачання ў дзяржздрадзе ўслед за галоўным навуковым супрацоўнікам інстытута Анатолем Маславым. Пра гэта піша ТАСС са спасылкай на навуковага кіраўніка інстытута Васіля Фаміна.
«У інстытуце праходзілі аператыўныя мерапрыемствы. Яны звязаныя з нашым дырэктарам Аляксандрам Мікалаевічам Шыплюком. Яго арыштавалі, – сказаў Фамін. – Яму ставяць у віну тое, што і Маславу. Дзяржздрада», – расказаў Фамін.
Раніцай 4 жніўня ў будынку ІТПМ прайшлі ператрусы, адзначае выданне «Родныя Берагі». Тады ж Шыплюка дапыталі першы раз. Тэлеграм-канал «Асцярожна, навіны» сцвярджае, што Шыплюка затрымалі яшчэ пазаўчора.
Цяпер навуковец перавезены ў СІЗА «Лефортава» ў Маскве. У панядзелак, 8 жніўня, ён мусіў адкрыць урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 65-годдзю ІТПМ.
Шыплюк загадвае лабараторыяй №5 «Гіпергукавыя тэхналогіі» і з'яўляецца спецыялістам у галіне высакахуткаснай аэрагазадынамікі і эксперыментальных метадаў даследавання газавых плыняў. З 2007 года чытае на кафедры аэрагідрадынамікі НДТУ курсы лекцый «Метады аэрафізічнага эксперыменту», «Метады аптымізацыі ў задачах балістыкі і аэрадынамікі» і «Сучасныя праблемы балістыкі і гідрааэрадынамікі».
Паводле звестак выдання, ператрусы і допыт звязаныя са справай галоўнага навуковага супрацоўніка Анатоля Маслава, які быў затрыманы 27 чэрвеня і этапаваны ў Маскву, дзе знаходзіцца ў следчым ізалятары Лефортава. Справу расследуе цэнтральны апарат ФСБ Расеі. Паводле звестак Academ.info, яго падазраюць у перадачы КНР звестак, звязаных з гіпергукам. Гэтыя звесткі адносяцца да дзяржаўнай таямніцы.
На сайце ІТПМ абвешчаны збор подпісаў у падтрымку Анатоля Маслава.
«На жаль, даводзіцца прызнаць, што ў цяперашні час пераслед навукоўцаў, якія займаюцца авіяцыйнай навукай, носіць у краіне сістэмны характар. Гэта ўжо прыводзіць да небывалага адтоку навуковай моладзі з гэтага кірунку, а таксама зніжэння матывацыі выканання навуковых даследаванняў», – гаворыцца ў звароце.
Шыплюк – трэці за два месяцы новасібірскі навуковец-фізік, арыштаваны за дзяржзраду. У чэрвені з Новасібірска ў маскоўскі СІЗА павезлі Дзмітрыя Колкера – доктара навук, загадчыка лабараторыі квантавых аптычных тэхналогій Новасібірскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У навукоўца была апошняя стадыя раку, яго забралі з прыватнай клінікі, дзе ён быў на падтрымнай тэрапіі. Другога ліпеня ён сканаў.