Урганта ў РФ прызналі агентам замежнага ўплыву
- 5.08.2022, 19:10
Шоўмэн у адказ назваў ініцыятараў словам з пяці літараў і напісаў, які ім патрэбен гімн.
Расейскі тэлевядоўца Іван Ургант з гумарам пракаментаваў ініцыятыву партыі "Справядлівая Расея — За праўду", якая пачала пошукі дзеячаў культуры з "антыдзяржаўнай пазіцыяй" і іхніх "памагатых" у дзяржструктурах, і зрабіў некалькі сустрэчных "рацыянальных" (гэта значыць яшчэ больш абсурдных) прапановаў.
Нагадаем, створаная на днях працоўная група партыі, якая назвалася "Групай расследавання антырасейскіх дзеянняў", унесла Урганта ў спіс "агентаў замежнага ўплыву", а гендырэктара "Першага канала" Канстанціна Эрнста абвясціла ягоным "памагатым". Абодвум прапануецца "дзейна падтрымаць" развязаную Расеяй вайну ва Украіне, а ў адваротным выпадку звольніцца.
Ургант адрэагаваў з іроніяй – у сваім тэлеграм-канале ён расказаў, што паглядзеў відэа пасяджэння ГРАДа і гатовы "паспрыяць плённай працы групы і ўнесці некалькі рацыянальных прапановаў". Вось яны:
– Першае. У сувязі з відавочнай неабходнасцю, просьба заканадаўча замацаваць магчымасць змушэння да адказнасці не толькі ўказаных вамі асобаў, але і іх найбліжэйшых сваякоў з наданнем магчымасці наступнага адрачэння.
– Другое. У рамках развіцця і падтрымкі вашай ідэі "расейскага макартызму" прапануецца выключыць са свабоднага продажу ўсе альбомы Пола Макартні, за выключэннем альбома "Back in USSR".
– Трэцяе. Прапаную вызваляць ад паседжання групы тых сяброў партыі "Справядлівая Расея – За Праўду", каму ў гэты дзень абвяшчаецца абвінаваўчы прысуд у Масгарсудзе.
– Чацвёртае. Паколькі абрэвіятура ГРАД не цалкам адлюстроўвае той гіганцкі аб'ём працы, з якім давядзецца сутыкнуцца, уношу прапанову перайменаваць Групу Расследавання Антырасейскай Дзейнасці ў "Группу Обнаружения Врагов Нашего Общества".
– Пятае. У якасці гімна Групы прапаную выкарыстоўваць песню Яраслава Еўдакімава "Фантазёр".
Сваю заяву Ургант суправадзіў здымкам, дзе ён пазіруе з кнігай Захара Прылепіна "Васьмёрка". Пісьменнік зрабіў на ёй дароўны надпіс: "Івану Урганту з уважухай. Усіх выгодаў. Захар Прылепін. 2012 г.".
Адзначым, менавіта Прылепін узначаліў першае пасяджэнне "Групы расследавання антырасейскіх дзеянняў", дзе выказаў незадаволенасць, што многія дзеячы культуры ў Расеі занялі "антынародную пазіцыю" яшчэ пасля анэксіі Крыма ў 2014 годзе, але пры гэтым прадаўжалі атрымліваць заказы і дзяржпадтрымку.
Гумарыстычная праграма “Вячэрні Ургант” знікла з сеткі вяшчання Першага канала яшчэ 25 лютага пасля таго, як яе вядоўца Іван Ургант напісаў на сваёй старонцы ў Instagram: "Страх і боль. НЕ ВАЙНЕ", а сцэнарыст Аляксандр Гудкоў у той жа сацсетцы выклаў пост: "Мне сорамна, што я нарадзіўся ў гэты дзень".