Латвія перастала выдаваць візы расейцам
- 5.08.2022, 17:28
Ёсць выключэнні, але іх мала.
Консульскія органы Латвіі на нявызначаны тэрмін спынілі выдачу нацыянальных і шэнгенскіх віз грамадзянам Расеі. Інфармацыя аб гэтым размешчаная на сайце пасольства Латвіі ў Маскве. Там пазначана, што амбасада больш не прымае заявы на візы ад расейцаў «у сувязі з міжнароднай сітуацыяй», паведамляе «Радио Свобода».
Адзіным выняткам можа стаць неабходнасць паездкі на пахаванне ў Латвіі блізкага сваяка.
Раней, 1 жніўня, Латвія прыпыніла дзеянне пагаднення з Расеяй аб спрошчаным перасячэнні мяжы грамадзянамі РФ, якія жывуць у прыгранічных раёнах. У Рызе растлумачылі гэта тым, што Расея закрыла консульства Латвіі ў Пскове – яно было адзіным дыпламатычным прадстаўніцтвам, якое выдавала расейцам дазвол на перасячэнне мяжы. Пагадненне дзейнічала з 2010 года.