Мянчук закапаў €15 тысяч у трохлітровым слоіку, а іх выкралі
- 5.08.2022, 17:19
Грошы менчука выкапаў сантэхнік.
У міліцыю Менскага раёна звярнуўся мясцовы жыхар, у якога зніклі грошы, якія ён закапаў у зямлю ў трохлітровым слоіку. Падрабязнасці паведамілі ва УСК Менскай вобласці.
Так, праваахоўнікам 48-гадовы жыхар Менскага раёна расказаў, што ў студзені 2022-га ён склаў свае ашчаджанні - амаль 15 тысяч еўраў - у слоік і закапаў слоік у памяшканні помпавай станцыі на тэрыторыі аднаго з садовых таварыстваў. У ліпені наважыў праверыць «сховішча», але слоіка з валютай ужо не аказалася на месцы. Мужчына заявіў пра знікненне ў міліцыю.
Неўзабаве высветлілася, што вясной у памяшканні помпавай станцыі праводзіўся рамонт. І 44-гадовы сантэхнік адкапаў слоік, набіты купюрамі еўраў. Праўда, выдаваць "скарб" мужчына не стаў, а зноў закапаў, але ўжо ў сябе на ўчастку.
Паводле факта крадзяжу, учыненага ў буйнай суме, распачатая крымінальная справа (ч.4 арт.205 КК РБ). Вядома, што раней сантэхнік да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся. Прызначаная крыміналістычная экспэртыза, расследаванне працягваецца.